Актыўны і перспектыўны

fgfggКожны дзень памочніка ляснічага Свяцілавіцкага лясніцтва Пятра СЦЕФАНОВІЧА выдаецца насычаным і багатым на новыя ўражанні.

Знайсці лясніцтва ў аграгарадку Свяцілавічы няцяжка: невялікі аднапавярховы будынак са светлымі сценамі і зялёным дахам асабліва выдзяляецца сярод прыватных дамоў. Па знешнім і ўнутраным выглядзе канторы бачна, што тут працуюць гаспадарлівыя людзі.

У холе, які ўпрыгожваюць стэнды з відарысамі беларускай прыроды, мяне сустрэў Пётр. Малады чалавек у цёмна-зялёнай форме з красавіка мінулага года займае пасаду памочніка ляснічага і ўжо добра зарэкамендаваў сябе.

— У асноўным я займаюся паперамі: вяду дакументацыю па ўліку ляснога фонду, сістэматызую інфармацыю пра высечкі і пасадкі дрэў, — гаворыць Пётр Сцефановіч. – Аднак мне часта даводзіцца выязджаць і ў лес.

У 2015 годзе хлопец скончыў БДТУ па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка” і па размеркаванні накіраваўся працаваць у Бялыніцкі раён. Пераезд з роднага Мінска асаблівых цяжкасцей у Пятра не выклікаў, дый невялікі, ціхі гарадок ля Друці яму спадабаўся.

— Тут у мяне з’явілася шмат сяброў, а з калегамі не засумуеш, — прызнаецца памочнік ляснічага. – Калектыў Свяцілавіцкага лясніцтва невялікі, згуртаваны. Мы хутка знайшлі агульную мову, пасябравалі. І зараз разумеем адзін аднаго з паўслова.

Час ляціць хутка. Не паспееш азірнуцца — ужо і лета прыйшло. У гэты пажаранебяспечны перыяд Пятру Сцефановічу і яго калегам будзе не да адпачынку, бо наступіць па-сапраўднаму гарачая пара для работнікаў лясніцтваў.

— Узрастае верагоднасць лясных пажараў, — гаворыць Пётр. – Даво-дзіцца пастаянна сачыць за сітуацыяй на замацаваных тэрыторыях, дзяжурыць кожны дзень. Безумоўна, мы павінны хутка рэагаваць, калі што здарыцца. Сваімі сіламі паспяхова спраўляемся з невялікімі ачагамі, імкнёмся своечасова ліквідаваць узгаранне. І ўсё неабходнае для гэтага ў нас ёсць.

Вольная хвіліна выдаецца не часта, таму Пётр Сцефановіч праводзіць яе з карысцю. Цікавыя кнігі, прыемныя размовы з сям’ёй і сябрамі… А вось актыўныя спартыўныя заняткі, якія так любіць малады спецыяліст, застаюцца ў баку — пасля вандровак па лесе фізічная стомленасць перамагае.

— Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, — характарызуе маладога працаўніка намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Юлія КУДРАВЕЦ. – Выдатна праявіў сябе на сустрэчы маладых спецыялістаў у РЦК: ён быў капітанам каманды, якая заваявала перамогу ў гульні “Брэйн-рынг”. Упэўнена, што Пётр здолее дасягнуць многага.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *