Пасля сытнага абеду і працаваць весялей

Падчас веснавой пасяўной кампаніі механізатары сельгаспрадпрыемстваў падсілкоўваюцца не адыходзячы ад сваіх трактароў. Прама ў поле работнікі сталовак прывозяць ім гарачыя смачныя абеды і вячэры.

У сталовай ААТ “Бялынічы” ад адной каструлі да другой імкліва і зладжана рухаюцца жанчыны ў фартухах і белых хустачках. Па кухні разлятаецца прыемны водар. Сёння механізатарам таварыства на абед будзе наварыстая юшка, смажаніна з мясам і гарбата.

— Кожны дзень – новае меню, — гаворыць кухар Ніна АРЦЁМАВА. – Нашым хлебаробам мы прапаноўваем комплексны абед з трох страў і вячэру. Ежа збалансаваная, багатая на неабходныя для арганізма харчовыя рэчывы. Вядома, праца механізатараў патрабуе шмат сіл, таму і есці яны павінны добра, сытна.

Работнікі сталовай паспелі дасканала вывучыць перавагі ў ежы амаль кожнага з механізатараў. Самыя любімыя стравы хлебаробаў – беляшы, калдуны, гарохавы суп і блінчыкі. Па-хатняму смачна і зроблена з мясцовых прадуктаў.

— Масла, малако, мяса і іншыя інгрыдыенты ў нас свае, — запэўніваюць кухонныя рабочыя Ганна САВІЦКАЯ і Ганна ТОКАРАВА. – Вось паглядзіце, якая цудоўная рыбка пойдзе на юшку!

ct1

Паўнавартаснае харчаванне ў герметычных кантэйнерах, бачках і тэрмасах дастаўляецца ў поле без спазненняў. Абед на свежым паветры пачынаецца ў 12.00 і завяршаецца ў 13.00, а вячэраюць – з 15.00 да 16.00.

Механізатары сельгаставарыства Максім АЗАРАЎ, Аляксандр НЯКРАСАЎ і Аляксандр КАПЫТКОЎ з самага ранку шчыруюць на полі ля Вялікага Трылесіна. Пачуўшы працяжны аўтамабільны гудок, яны спыняюць свае трактары і накіроўваюцца абедаць.

— Кормяць нас выдатна, — у адзін голас кажуць працаўнікі. – Смачныя і сытныя стравы, як кажуць, з полымя, з жару. Вось у такое халоднае надвор’е абед звычайна завяршаецца кубачкам гарачай кавы, гарбаты ці какавы. У спякоту – сок ці кампот.

ct2

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

КАМЕНТАРЫЙ

Станіслаў БУРКО, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

— Сталовыя ва ўсіх гаспадарках раёна былі своечасова падрыхтаваныя. Сельгаспрадпрыемствы маюць магчымасць забяспечыць механізатараў разнастайнымі прадуктамі: малочнымі, мяснымі, гароднінай, садавінай. Вельмі важна, каб ежа была не толькі дабраякаснай, але і смачнай, разнастайнай, утрымлівала ўсе неабходныя харчовыя рэчывы.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *