Пераможная газета

dudkin71-ю мірную вясну сустрэла ў гэтым годзе наша краіна. Але ўспаміны аб падзеях таго самага, пераможнага мая 1945 года, што назаўсёды засталіся ў памяці відавочцаў, і па сёння кранаюць душы людзей.

Удзячныя словы хочацца сказаць пра пісьменнікаў і журналістаў таго часу, дзякуючы якім людзі з усіх куточкаў вялікай савецкай краіны даведваліся пра стан спраў на фронце, натхняліся подзвігамі герояў і, канечне, перажылі шчаслівыя імгненні Вялікай Перамогі.

Не так даўно ў рукі патрапіла газета “Праўда” за 10 мая 1945 года. Сапраўдны пераможны нумар! Ён проста дыхае, жыве тымі адчуваннямі міру і свабоды, той незабыўнай вясной. А прозвішчы найлепшых майстроў пяра, якія зрабілі гэты нумар, — Самуіл МАРШАК, Ілья ЭРЭНБУРГ…

Газета, нягледзячы на працяглы час з моманту яе выпуску, выдатна захавалася. Вялікі дзякуй жыхарцы вёскі Нежкаў Соф’і Феліксаўне МУРАШКЕВІЧ, якая столькі часу берагла гэты пераможны нумар, а потым падарыла яго карэспандэнту раёнкі.

У сваю чаргу рарытэтную газету журналіст перадала настаўніку гісторыі СШ №1 імя М. І. Пашкоўскага Яўгену ДУДКІНУ, які адначасова з’яўляецца кіраўніком школьнага краязнаўчага музея.

— Нават у рукі браць боязна, — з захапленнем трымае газету Яўген Якаўлевіч. – Столькі гадоў прайшло! Абавязкова буду паказваць яе сваім вучням на ўроках. Па сабе ведаю, што гісторыю цікавей вывучаць тады, калі ёсць матэрыяльныя сведчанні аб падзеях мінулых гадоў, да якіх можна дакрануцца.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *