Тут жыве ветэран

lipovkinШыльдачка з такой інфармацыяй прымацавана на доме па вуліцы Зарэчная аграгарадка Галоўчын. Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Малахавіч ЛІПАЎКІН, які нядаўна адзначыў свой 90-гадовы юбілей.

Аляксей Малахавіч пачынаў свой шлях барацьбы з ворагам у партызанскім атрадзе. У 1944-м, калі родную вёску Забалацце вызвалілі савецкія войскі, Аляксея Ліпаўкіна прызвалі ў дзеючую армію. З баямі ён дайшоў да Кёнігсберга. Быў кулямётчыкам №1 у сваім узводзе. Выдатна страляў і вучыў гэтаму майстэрству баявых таварышаў. Але ў час аднаго з баёў яго напаткала разрыўная куля варожага снайпера. Цяжкапараненага байца вынес на сабе незнаёмы санітар. Потым пацягнуліся доўгія дні лячэння ў шпіталі. Урачы настойвалі адняць нагу, у якой засела безліч асколкаў, але Аляксей Малахавіч не пагаджаўся. Які будзе ён работнік без нагі? Тым больш, у такім маладым узросце! І ваенныя дактары зрабілі цуд, дакладней нават не цуд, а выканалі вялікую карпатлівую работу – выдалілі з нагі амаль усе асколкі. Засталіся толькі вельмі маленькія, якія дастаць было ўжо нельга. Дадому Аляксей Ліпаўкін вярнуўся на абедзвюх нагах і з баявымі ўзнагародамі: ордэнамі Айчыннай вайны І ступені і Чырвоная Зорка і медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Кёнігсберга”.

У мірны час Аляксей Малахавіч працаваў будаўніком. Разам з жонкай, Надзеяй Іванаўнай, пераехалі з Забалацця на сталае месца жыхарства ў Галоўчын, выгадавалі шасцёра дзяцей.

Франтавое раненне ўсё ж дало аб сабе знаць: ногі які ўжо год перасталі служыць свайму гаспадару. Дзве дачкі, Раіса і Валянціна, даглядаюць бацьку. Як інваліда І групы ветэрана абслугоўвае і сацыяльны работнік.

Кожны год з радасцю сустракае Аляксей Малахавіч свята Вялікай Перамогі. І сёлета абавязкова будзе глядзець ваенны парад па тэлевізары і прымаць віншаванні.

— Вельмі прыемна, што на тату не забываюцца, — гаворыць дачка ветэрана Раіса Аляксееўна. – Асабліва радуецца ён, калі прыходзяць школьнікі. Мы беражліва захоўваем усе віншавальныя паштоўкі, асабліва тыя, што зроблены сваімі рукамі. Калі-небудзь дастаём свае “рарытэты” і падоўгу разглядаем, успамінаем мінулае.

Іна Галаўнёва,

настаўніца Галоўчынскай СШ:

— У нашай школе заўсёды з асаблівым клопатам адносяцца да ветэранаў мінулай вайны. Аляксей Малахавіч Ліпаўкін застаўся апошнім жывым з аднавяскоўцаў, хто абараняў Радзіму са зброяй у руках. Нашы вучні аказваюць увагу і пасільную дапамогу ветэрану. Днямі, напрыклад, сямікласнікі навялі парадак каля яго сядзібы. А з нагоды яго 90-гадовага юбілею разам з дзецьмі наведалі ветэрана, павіншавалі і ўручылі кветкі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *