Горкі хлеб вязня нацызму

MarУ Беларусі няма такой сям’і, якую не закранула б Вялікая Айчынная вайна. Шмат разбітых лёсаў, загубленых жыццяў, гора і бяды пакінула яна і на бялыніцкай зямлі. Не абмінулі тыя трагічныя падзеі і жыццё жыхаркі вёскі Вялікі Кудзін Марыі КУСТОВАЙ.

Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася ў звычайнай сялянскай сям’і, але яе бацька і маці, на жаль, вельмі рана пайшлі з жыцця. Асірацелых дзетак гадавала цётка, Домна КУНЦЭВІЧ. Аднак неўзабаве прыйшла новая бяда – пачалася вайна…

Летам 1942-га ў вёску прыехаў карны атрад. Адзін з жыхароў, які перайшоў на службу да немцаў, добра ведаў мясцовую моладзь. Па яго наводцы фашысты схапілі ў Вялікім Кудзіне шэсць дзяўчат 1925-1926 гадоў нараджэння для вывазу на прымусовую працу ў Германію. Сярод іх была і Марыя. Такія ж аблавы прайшлі таксама ў суседніх вёсках. Паланёныя людзі пераначавалі ў Бялынічах, а на наступны дзень іх пехатой адправілі ў Магілёў, дзе загналі ў таварныя вагоны. Пры загрузцы ў эшалон некалькі хлопцаў спрабавалі збегчы, але іх застрэлілі.

Шлях у няволю ў таварняку заняў некалькі сутак. Няшчасныя пасажыры плакалі, перажывалі і настройваліся на горшае. Вязняў высадзілі на нейкай станцыі ў Германіі і змясцілі ў размеркавальны лагер для “остарбайтараў”. Адтуль кудзінскія дзяўчаты разам з землякамі з Пачапка і Сіваёў патрапілі на авіяцыйны завод пад Берлінам. На прадпрыемстве “ўсходнія работнікі” выконвалі самыя разнастайныя абавязкі, у асноўным іх выкарыстоўвалі ў якасці некваліфікаванай працоўнай сілы. Было цяжка, але Марыя Кустова, прывыклая да фізічнай працы, вытрывала.

– Увесь час хацелася есці, – успамінае бабулька. – Нас кармілі баландой ды паранай бручкай адзін раз на дзень. Давалі невялікі кавалак хлеба.

Іншымі словамі, вязняў кармілі так, каб толькі яны не памерлі з голаду і маглі працаваць. Жылі ў цесных бараках. А ў далечыні віднеліся чорныя трубы крэматорыя.

Марыі Дзмітрыўне запомніліся страшэнныя бамбёжкі, якія перад самым вызваленнем праводзіла амерыканская і савецкая авіяцыя:

– Затаіўшы дыханне, мы сядзелі ў бамбасховішчы. Пасля кожнага паветранага налёту чарговая вуліца ператваралася ў руіны. Немцы прымушалі нас разбіраць завалы і вызваляць з-пад іх людзей, якія хаваліся ў падвалах дамоў. Пры гэтым знаходзілі многа загінулых.

Вызвалілі вязняў амерыканцы. Яны накармілі знясіленых людзей, далі ім адпачыць і ў хуткім часе перадалі савецкаму боку.

На Радзіму вярталіся пешкі, здаралася, праходзілі па 50 кіламетраў за дзень. Як толькі дабраліся да Украіны, Марыі Кустовай пашанцавала ўскочыць у вагон цягніка, які рухаўся ў бок Магілёва.

Пасля вяртання дамоў даведалася, што ўсе яе родныя перажылі вайну. Жыццё паступова наладжвалася і зноў пайшло сваёй павольнай чарадой. Маладая дзяўчына ўладкавалася на працу на цагельны завод у Свяцілавічах, потым шчыравала ў калгасе. Выйшла замуж за Пятра КУСТОВА, разам з якім вырасцілі трох дачок.

Зараз, на 91-м годзе жыцця, Марыя Кустова са слязамі на вачах расказвае нам пра пераадоленыя ў ваенны час выпрабаванні. А гісторыя вайны, як вядома, без чалавечых лёсаў заўсёды няпоўная. Яна складаецца таксама з лёсаў тых, хто выжыў у канцэнтрацыйным лагеры, выратаваўся з гета або перажыў прымусовыя работы ў Германіі.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *