Падоўжаны працоўны дзень. Законна?

a4b2dc1215f53a4e0f3b93aae0c5f785“Пры ўладкаванні на ферму даглядчыкам жывёлы мужу сказалі, што ў вясенне-восеньскі перыяд працаваць яму давядзецца па 10 гадзін. Ці законна гэта?”

Ганна Б.

На пытанне нашай чытачкі адказвае старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Магілёўскай вобласці Алена ШУПЛЯНКОВА:

— Заканадаўствам прадугледжана асаблівае прававое рэгуляванне рэжыму працы работнікаў раслінаводства і асобных падраздзяленняў арганізацый сельскай гаспадаркі, што абслугоўваюць яго. Абумоўлена гэта неабходнасцю прыцягнення дадзеных работнікаў да напружаных сезонных работ у сельскай гаспадарцы ў веснавы палявы перыяд і ў час уборачных работ.

У адпаведнасці з артыкулам 317 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, для рабочых раслінаводства ў арганізацыях сельскай гаспадаркі ўстанаўліваюць падсумаваны ўлiк рабочага часу за гадавы ўліковы перыяд (каляндарны або разліковы год), пры якім наймальнік мае права:

1) у перыяд напружаных палявых работ у выпадку неабходнасці павялічваць працягласць штодзённай працы (змены) да 10 гадзін, а са згоды работнікаў — да 12 гадзін;

2) кампенсаваць перапрацоўку шляхам памяншэння працоўнага дня (змены) у іншыя перыяды сезона або зімовы час або (i) шляхам прадастаўлення іншых дзён адпачынку (з разліку адзін дзень адпачынку за восем гадзін перапрацоўкі).

Пры гэтым варта адзначыць, што вышэйпералічаныя абмежаванні ўстаноўлены толькі для работнікаў, якія адносяцца да катэгорыі рабочых, і не распаўсюджваюцца на работнікаў, якія адносяцца да катэгорыі служачых.

Для рабочых майстэрняў аўтатранспарту, складоў і іншых падраздзяленняў, якія абслугоўваюць раслінаводства, можа ўстанаўлівацца падсумаваны ўлiк рабочага часу на асобныя перыяды напружаных палявых работ. Пры гэтым наймальнік мае права павялічваць працягласць штодзённай працы да 10 гадзін з тым, каб у сярэднім за кожны ўліковы перыяд працягласць працоўнага часу па графiку работ (зменнасці) не перавышала звычайнай колькасці гадзін.

Для працоўных жывёлагадоўлі заканадаўствам прадугледжана, што наймальнікам можа ўстанаўлівацца працоўны дзень, падзелены не больш чым на тры часткі, паміж якімі прадугледжваюцца перапынкі працягласцю не менш за дзве гадзіны, уключаючы перапынак для адпачынку і харчавання. Пры гэтым агульная працягласць працоўнага часу не павінна перавышаць для дадзенай катэгорыі рабочых працягласці штодзённай працы.

Так, напрыклад, вашаму мужу можа быць прапанаваны наступны рэжым працоўнага часу з падзелам працоўнага дня на часткі: працоўны час – з 6.00 да 9.00, з 12.00 да 14.00, з 16.00 да 19.00; час перапынкаў – з 9.00 да 12.00, з 14.00 да 16.00.

Падрыхтавала Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *