Быць у курсе падзей

Для вясковага чалавека, які жыве ў аддаленасці ад гандлёвых кропак, аўтамагазін – гэта не толькі зручная магчымасць набыць тавары першай неабходнасці, але і нязменная крыніца інфармацыі, так бы мовіць, сувязь з жыццём раёна. Тым больш зараз, калі ў асартыменце аўталавак райста з’явілася газета “Зара над Друццю”. Днямі яе карэспандэнты адправіліся ў невялічкую экспедыцыю па маршруце аўтамагазіна №5.

На залітых веснавым сонцам вуліцах аграгарадка Вялікая Машчаніца дзе-нідзе збіраліся групкі людзей. Жвава і гучна абмяркоўвалі яны апошнія навіны, сярод якіх і тая, што цяпер газету раёна можна набыць і ў аўталаўцы. А вось і яна: машына райста паднялася на прыгорачак і спынілася каля людзей. Сёння на яе шляху 12 населеных пунктаў.

Хутка і якасна абслугоўваючы пакупнікоў, прадавец Валянціна РАКУЗАВА адзначыла, наколькі важнай лічыць сваю справу, бо як у аддаленых вёсках раёна, так і на некаторых ускраінных вуліцах аграгарадка аўталаўку вельмі чакаюць і да прадаўца адносяцца з вялікай павагай.

— Акрамя пэўнага шэрагу харчовых і прамысловых тавараў, якія заўсёды ў наяўнасці ў нашым аўтамагазіне, па запатрабаванні пакупніка можам гандляваць і дадатковымі, — распавяла яна. — Вяскоўцы заказваюць — мы прывозім. Нядаўна ў асартымент дадавалі пасыпку для кандытарскіх вырабаў — пажаданая рэч для кожнай гаспадыні напярэдадні святкавання Вялікадня.

Паяўленне раённай газеты сярод іншых тавараў стала прыемным сюрпрызам для многіх пакупнікоў, асабліва такіх, хто па розных прычынах выданне не выпісвае. Жыхар Вялікай Машчаніцы Уладзімір КРЫВІЦА, напрыклад, пастаянным чытачом і падпісчыкам “Зары над Друццю” не з’яўляецца з-за свайго слабога зроку, аднак час ад часу яе ўсё ж такі набывае.

— Каб не падводзілі вочы, чытаў бы нашу раёнку ўвесь час, — кажа ён. — Мясцовыя навіны больш нідзе не знойдзеш. Вось чаму я перыядычна запытваю газету ў аўтамагазіне.

Выданне прыцягвае ўвагу і дачнікаў, якія, прыязджаючы на лета ў вёску, абавязкова пачынаюць цікавіцца мясцовым жыццём. Так робіць, напрыклад, і Лідзія ГАНЧАРОВА:

— Тут, у Вялікай Машчаніцы, мой бацькоўскі дом, — распавяла яна. – А таму ўважліва сачу за жыццём раёна і аграгарадка. Лічу, што распаўсюджваць мясцовую газету праз аўтамагазін — ідэя дужа добрая, бо цяпер, нават калі чалавек не падпісаўся на выданне, ён усё роўна мае магчымасць атрымаць яго і быць, як кажуць, у курсе падзей.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца Надзея і Алена ШТЫХАВЫ, Галіна ТАРАЙКОВІЧ і Марыя ТАПУНОВА, якіх карэспандэнты сустрэлі ў вёсцы Лісаўка. Чакаючы прыезду аўтамагазіна, жанчыны штосьці жвава абмяркоўвалі, але з цікавасцю прынялі ў свой гурток і гасцей з рэдакцыі.

— Хоць мы тут усе пенсіянеркі, ад жыцця стараемся не адставаць, — кажа Марыя Міхайлаўна. — Вось цяпер у спісе пакупак з’явілася і раёнка: будзем чакаць, калі напішаце пра нас.

janchyhy

Анастасія МАКЕЕВА.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *