Калі захапленне становіцца прафесійным заняткам

Праца метадыста бібліятэкі даволі значная і адказная, бо ён дапамагае бібліятэкарам укараняць перадавы вопыт і развіваць тыя напрамкі дзейнасці, якія могуць зацікавіць чытачоў усіх катэгорый.

Са жніўня мінулага года малады спецыяліст Вераніка ВЕРХАВОДКІНА працуе метадыстам у цэнтральнай раённай бібліятэцы. За гэты час яна падрыхтавала пяць метадычных распрацовак, адна з якіх прысвечана вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру КАРАТКЕВІЧУ.

— Дапаможнік пад назвай “Беларусь — яго песня” ўбачыў свет у 2015 годзе, — расказвае Вераніка. — У ім адлюстроўваюцца асноўныя этапы творчасці знакамітага пісьменніка, які пакінуў свой след у нацыянальнай драматургіі, публіцыстыцы, кіно. Таксама там змешчаны кароткія звесткі біяграфіі Уладзіміра Караткевіча. Спадзяюся, што маё выданне будзе карыснае бібліятэкарам, культработнікам, настаўнікам і ўсім, хто цікавіцца творчасцю гэтага класіка беларускай літаратуры.

З метадычнай распрацоўкай “Беларусь — яго песня” ўжо дакладна азнаёміліся ў Галоўчынскай вясковай бібліятэцы-філіяле №12.

— Добрае выданне, трывалы падмурак для правядзення разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці і жыццю Уладзіміра Караткевіча, — адзначае загадчык бібліятэкі-філіяла Галіна ДРАЧЫКАВА. — Факты пра пісьменніка, сцэнарыі, пытанні па творчасці і нават віктарына па рамане “Каласы пад сярпом тваім” — усё гэта зацікавіць і дзетак, і дарослых.

Пасля заканчэння БДУКМ Вераніцы Верхаводкінай прапаноўвалі месца ў адной з гарадскіх бібліятэк Гомеля, аднак яна зрабіла свой выбар на карысць Бялыніч.

— Я родам з г.п. Круглае, таму і размеркавалася на працу бліжэй да дому, — прызнаецца дзяўчына. – Гомель, вядома, вялікі прыгожы горад, але ж хачу быць побач са сваёй сям’ёй. Дый мне ў Бялынічах вельмі падабаецца.

Малады спецыяліст разумее, што трэба пастаянна развівацца, вучыцца самой. У сваёй працы дзяўчына кіруецца багатым вопытам калег, якія актыўна ёй дапамагаюць.

— Наша Вераніка добра валодае навыкамі, якія з’яўляюцца вельмі карыснымі для яе прафесіі, — гаворыць загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіна ЛАПО. — Напрыклад, яна разбіраецца ў камп’ютарных праграмах, з дапамогай якіх можна рабіць прэзентацыі для разнастайных мерапрыемстваў. Канечне, мы падтрымліваем маладога спецыяліста і спадзяемся, што Вераніка і пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі застанецца ў нашай установе.

ver

Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Ірына КОННАВА таксама заўважыла перспектыўную працаўніцу і асабліва шануе яе ініцыятыўнасць.

— Нам быў патрэбен спецыяліст з такой адукацыяй, як у Веранікі, — адзначае Ірына Аляксандраўна. — Дзяўчына адказна выконвае свае прафесійныя абавязкі, імкнецца пераймаць і ўкараняць перадавыя напрацоўкі ў метадычнай справе.

І на працы, і дома Вераніка Верхаводкіна заўсёды з кнігамі. Больш за ўсё ёй падабаюцца творы пісьменнікаў-фантастаў, у прыватнасці, Дэна Брауна і Сяргея Лук’яненкі. Хто ведае, можа, у будучым яна і сама напіша бестселер?

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *