Руплівай працай услаўляў свой калгас

У 70-я гады мінулага стагоддзя былы калгас «Запаветы Леніна» быў адной з перадавых гаспадарак у краіне па вытворчасці бульбы.

Жыхар вёскі Камяніца, у мінулым звенявы бульбаводчага звяна, кавалер ордэнаў Леніна і Працоўны Чырвоны Сцяг Аляксандр АНІКЕЕЎ (на здымку) ахвотна дзеліцца сваімі ўспамінамі з карэспандэнтам раёнкі.

anikeev

— Усяго ў калгасе садзілі 150 гектараў бульбы: па 60 – у Камяніцы і Сіпайлах, 30 – у Нежкаве, — распавядае Аляксандр Міхайлавіч. — Я быў звенявым у Камяніцы, а гэта значыць, адзін адказваў за вялікае поле. Гэта сёння на палеткі прыйшлі энерганасычаныя трактары, аўтаматызаваная сельскагаспадарчая тэхніка, а раней патрэбна было рабіць усё рукамі: і мяхі з бульбай цягаць, і апрацоўваць амаль што ўручную. Але пры ўсіх складанасцях мы атрымлівалі неблагі ўраджай. Вырошчвалі ў асноўным два гатункі “другога хлеба” – “тэмп” і “лошыцкая”. У 1972 годзе ўраджайнасць бульбы склала 306 цэнтнераў з гектара.

За дасягненне такіх высокіх паказчыкаў Аляксандра Анікеева ўзнагародзілі ордэнам Леніна. А годам раней, у 1971, за сваю нялёгкую працу атрымаў ордэн Працоўны Чырвоны Сцяг.

— Я, бадай што, з самага дзяцінства працаваў бульбаводам, — і жартам, і ўсур’ёз гаворыць Аляксандр Міхайлавіч. – У 1952 годзе скончыў 7 класаў школы і больш вучыцца не пайшоў. Праз тры гады прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Пасля працаваў электраманцёрам, слесарам на цагельным заводзе ў Свяцілавічах. А потым прапанавалі пайсці на курсы трактарыстаў, якія адкрыліся на базе Беларускай МТС у Вішове. Так да 1986 года з трактара, можна сказаць, не злазіў.

Камяніцкая бульба разыходзілася па ўсім былым Савецкім Саюзе, яе адпраўлялі на крухмальныя заводы ў Магілёў і Бялынічы. Пераймаць перадавы вопыт Аляксандр Міхайлавіч ездзіў у Горацкую сельгасакадэмію, у Жылічы і быў нават у складзе раённай дэлегацыі на ВДНГ у Маскве.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *