Заканадаўствам прадугледжана

“У якіх выпадках наймальнік можа утрымліваць грашовыя сродкі з маёй заработнай платы?

Віктар Т.”

На пытанне адказвае Марына САМОНАВА, старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці:

— У артыкуле 107 Працоўнага кодэкса РБ пазначана, што ўтрыманні з зарплаты павінны ажыццяўляцца толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Для пагашэння запазычанасці працаўніка ўтрыманні могуць праводзіцца па распараджэнні працадаўцы:

— для вяртання авансу, выдадзенага ў лік зарплаты; сум, залішне выплачаных з прычыны падліковых памылак, для пагашэння нявыкарыстанага і своечасова не вернутага авансу, які быў выдадзены на службовую камандзіроўку ці перавод у іншую мясцовасць, на гаспадарчыя патрэбы, калі работнік не аспрэчвае падставы і памер утрымання. У гэтых выпадках наймальнік мае права зрабіць распараджэнне аб утрыманні не пазней аднаго месяца з дня заканчэння тэрміна, устаноўленага для вяртання авансу, пагашэння запазычаннасці або з дня няправільна вылічанай выплаты.

— пры звальненні працаўніка да заканчэння таго рабочага года, у лік якога ён ужо атрымаў працоўны водпуск, за неадпрацаваныя дні водпуску. Утрыманні за гэтыя дні не ажыццяўляюцца, калі работнік звальняецца па падставах, названых у пунктах 1,2,4 і 5 артыкула 35, пунктах 1,2 і 6 артыкула 42, пунктах 1,2 і 6 артыкула 44 Працоўнага кодэкса, па ўласным жаданні ў сувязі з накіраваннем на вучобу або выхадам на пенсію. Таксама, калі пры звальненні працаўніку не налічваюцца якія-небудзь выплаты або калі наймальнік, маючы на тое права, не зрабіў вылічэнні пры выплаце разліку ці ўтрымаў толькі частку запазычанасці работніка.

— пры кампенсацыі шкоды, нанесенай па віне працаўніка, у памеры, які не перавышае яго сярэднямесячны заробак.

Заработная плата, залішне выплачаная работніку наймальнікам, у тым ліку пры няправільным прымяненні закона, не можа быць з яго спагнана, за выключэннем выпадкаў падліковай памылкі.

У выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, працадаўца абавязаны ажыццяўляць утрыманні грашовых сродкаў з заробку працаўніка па яго пісьмовай заяве для правядзення безнаяўных разлікаў.

Падрыхтавала Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *