Прыцягненне зямлі

Маладая пара Юліі і Уладзіміра АСТАФ’ЕВЫХ з вёскі Каліноўка Цяхцінскага сельсавета часта аказваецца ў полі ўсеагульнай увагі. Старанныя і працалюбівыя, яны з’яўляюцца выдатным прыкладам для ўсіх астатніх.

І на тое ёсць свае прычыны. Першая з іх – трывалая сялянская загартоўка. З роду Астаф’евых паходзіць цэлая плеяда працаўнікоў-хлебаробаў, якія моцна трымаюцца каранямі за зямлю, ведаюць, якой цаной здабываецца кавалак хлеба. І з маленства прывучаюць да працы сваіх дзяцей.

yulia

Такія сем’і, як Астаф’евы, з’яўляюцца захавальнікамі спрадвечных трывалых каштоўнасцей і традыцый, перададзеных у спадчыну ад продкаў, і яны ж прывіваюць іх наступным пакаленням нашчадкаў.

Вось і Юля з Уладзімірам прынцыпова засталіся ў вёсцы, выбралі тое, што ім бліжэй і да чаго больш прыгарнуліся сэрцам. Уладзімір Астаф’еў нарадзіўся ў Цяхціне, Юля – у Стараселлі. Агульнае сямейнае жыццё сталі будаваць асобна ад бацькоў – у Каліноўцы. Купілі маленькую хатку і сумеснымі намаганнямі за кароткі час пераўтварылі яе ў сучасную сядзібу, прасторнае і ўтульнае жыллё для сваёй сям’і, якая пакрысе стала павялічвацца. Зараз у Астаф’евых трое дзетак. Старэйшы сынок Павел ходзіць у першы клас Цяхцінскага ВПК ДС СШ, сярэдні Дзіма – у дзіцячы садок, а маленькая дачушка Маргарытка бавіць свой час з маці, пакуль тата на працы.

А Юліі дома сумаваць не прыходзіцца. Астаф’евы трымаюць вялікую падсобную гаспадарку: карову, дзвюх цялушак, авечак, свіней, курэй… Апрацоўваюць гектар зямлі, дзе вырошчваюць бульбу, збожжа, агародніну. У мінулым годзе пасадзілі 3 тысячы каліў памідораў, атрымалі з іх вялікі ўраджай і неблагую капейчыну для сямейнага бюджэту.

Канечне, такая вялікая гаспадарка патрабуе многа клопатаў і ўвагі, але Юлія не скардзіцца. Старэйшыя хлопчыкі стараюцца дапамагаць бацькам, дый з маленькай сястрычкай, калі трэба, пазабаўляюцца.

malaya

На маё пытанне: дзе лепш жыць – у горадзе ці ў вёсцы, Юлія шчыра адказала:

— Не ведаю. Каму як. Мая сястра, напрыклад, кажа, што ніколі не згадзілася б вярнуцца назад у вёску. Маўляў, многа трэба працаваць. А я працы не баюся. Зямля ніколі не здрадзіць і заўсёды аддзячыць рупліўцу.

Тэкст і фота

Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *