Журналіст мяняе прафесію. «А дзе ж наш прадавец?»

Выразна памятаю тое пачуццё, калі малая бегла насустрач аўталаўцы. У вёсцы, дзе жыла мая бабуля і куды я прыязджала амаль што кожнае лета, магазіна не было.

На гадзінніку сем раніцы, а я ўжо набіраю тавары, якія потым буду прадаваць: гарачы хлеб, свежае малако, разнастайныя каўбасы, агародніна… Звычайны асартымент вясковага магазіна. Дзесьці праз гадзіну халадзільнікі і паліцы ГАЗа запоўненыя. Я адпраўляюся ў падарожжа па аддаленых мясцінах Бялыніччыны.

Імжыць дробны дожджык, пакідаючы на аўтамабільным шкле кропелькі-слязінкі. Машына едзе па роўнай, нядаўна адрамантаванай дарозе, раз-пораз рассякаючы коламі лужыны. Нарэшцэ, першы прыпынак – вёска Рудня. Адкрываю дзверы аўталаўкі, а на мяне са здзіўленнем глядзяць тры мясцовыя жыхаркі. У іх вачах выразна чытаецца пытанне: “Дзе ж наш прадавец?” Не чакаючы, пакуль жанчыны агучаць свае думкі, гавару:

— Дзень добры! Сёння абслугоўваць вас буду я…

Разведаўшы, чаму карэспандэнт раёнкі вырашыла на адзін дзень “уладкавацца” на працу ў магазін на колах, гаспадыні з Рудні пачалі вывучаць асартымент і набываць неабходнае. Яйкі, малако, мяса – раней усё гэта везлі з вёсак у гарады. А зараз не кожны можа трымаць дапаможную гаспадарку.

lavka

На маім сённяшнім маршруце кропкамі пазначаны больш за дзесяць населеных пунктаў. У самым маленькім з іх пражываюць 4 чалавекі, а ў самым вялікім – 103. Заязджаюць аўтамагазіны і на хутары, дзе застаўся толькі адзін жыхар. Многія нават жартуюць, што дарогу да такіх паселішчаў ведае толькі Бог і вадзіцель аўталаўкі…

У вёсцы Прыбар робім некалькі прыпынкаў. Халодны вецер і дождж не даюць вяскоўцам даўжэй затрымацца каля аўтамагазіна, прымушаюць хутчэй рабіць пакупкі і хавацца ў цёплыя хаты. Аднак многія, набыўшы прадукты, усё ж такі застаюцца крыху пастаяць, паразмаўляць. Зразумела, не кожны дзень да іх новы чалавек прыязджае.

Калі назірала ў бакавое люстэрка машыны, як разыходзяцца пакупнікі, у галаве мільганула думка: для жыхароў малых населеных пунктаў аўталаўка – гэта не проста гандлёвая кропка на колах. Гэта сапраўдны інфармацыйны і культурны цэнтр. У чарзе па тавары жанчыны і мужчыны абмяркоўваюць мясцовыя навіны. Нават у прадаўца запытваюцца: “Што новага ў свеце чутна?”.

Вопытныя працаўнікі аўталавак, якія ўсе маршруты ведаюць да дробезяў, добра знаёмыя са сваімі кліентамі. Паспелі вывучыць пажаданні кожнага з іх. У асноўным, у спісе пакупак вяскоўцаў значацца чорны хлеб, батон (большасць бяруць “салодкі”), малако, каўбаса. Летам, калі да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі, узрастае попыт на разнастайныя ласункі. Увогуле, пачынаючы з канца вясны і да поздняй восені, і пакупнікоў больш – з гарадоў спяшаюцца на прыроду дачнікі.

Час ляціць. Машына весела бяжыць то па асфальтаванай дарозе, то па грунтовай. Змяняюцца вёскі і людзі. Не ведаю, колькі разоў за гэты дзень мне давялося адчыняць дзверы аўталаўкі, падымацца і спускацца па лесвічцы ў кабіну. Фізічная стомленасць перамагае, але ж я задаволена.

Назад вяртаемся толькі да пяці гадзін вечара. І гэта яшчэ хутка! А заўтра будзе новы маршрут, аднак паеду ўжо не я.

P.S. Асаблівая падзяка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла прадаўцу аўталаўкі райста Ігару ПАДДУБСКАМУ і вадзіцелю Аляксандру БЕЛЬСКАМУ.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Свае прапановы, адносна таго, якую наступную прафесію выбраць журналісту, дасылайце на наш электронны адрас drut@tut.by з паметкай “Праект”.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *