“Наша аўталаўка – самая лепшая…”

Карэспандэнты раёнкі ў гэты раз адправіліся ў падарожжа з аўтамагазінам Ігара ПАДДУБСКАГА. Мужчына ўжо тры гады працуе прадаўцом і на пытанне, ці падабаецца яму, з упэўненасцю адказвае, што калі б не падабалася, то, вядома, і не працаваў бы.

Спыняемся ў Рудні. Людзей да лаўкі падыходзіць няшмат. Як прызнаецца Галіна ГІРКО, якая сама не з’яўляецца мясцовай жыхаркай, а прыязджае ў госці да маці, абслугоўванне і асартымент яе задавальняюць:

— Усё добра, прадавец ветлівы. Падкажа, калі трэба. Цэннікі заўсёды бачныя, можна не перапытваць, што колькі каштуе.

Жанчына набывае прадукты і абяцае купіць “Зару над Друццю” ў наступны раз, каб пазнаёміцца з раёнкай.

avtt

У вёсцы Прыбар нас чакаюць тры прыпынкі.

На першым з іх адразу ж пасля працяглага гудка аўталаўкі пачынаюць збірацца жыхары. Пачуўшы, што да іх завіталі карэспандэнты раёнкі, вяскоўцы просяць:

— Абавязкова сфатаграфуйце і Клаўдзію Пракопаўну. Яна ў нас сёння прыбраная! – паказваюць людзі на мясцовую жыхарку Клаўдзію КУШНЯРОВУ, якая з вясёлай усмешкай падыходзіць да аўталаўкі:

— Не, хай маладзейшыя фатаграфуюцца!

— Дык гэта ж для Ігара, пра яго пісаць будуць!

— Ну, калі для Ігара… — згаджаецца нарэшце Клаўдзія Пракопаўна.

Тым часам каля аўталаўкі ўжо ўзнікла невялікая чарга.

— Што нам яшчэ купіць? Цыбуля, хлеб, батон… — пералічае пакупкі адна з жанчын. – Солі яшчэ, Ігар, дай. Буйной.

— Гэта для авечак соль, — тлумачыць нам мясцовы жыхар Віраб КАЗАР’ЯН. – А, дарэчы, прадавец наш добры. І вадзіцель таксама. Заўсёды аўталаўка своечасова прыязджае.

fffgg

 

Пытаемся ў яго пра гаспадарку.

— Так, авечкі ў мяне. Штук пяцьдзясят, здаецца… — пачынае сваё апавяданне мужчына. – Ужо чатыры гады, як прыехаў сюды з Санкт-Пецярбурга. Добра тут жывецца. Не падабаецца мне ў горадзе, не маё гэта. А ў вёсцы ціха, спакойна.

— А як атрымалася, што вы ў Беларусь прыехалі?

— Дык вось мая жонка, Святлана, — паказвае Віраб на тую самую жанчыну, што купляла соль. – Як сустрэліся, так і жывем разам да гэтага часу. Колькі ўжо гадоў?

— Адзінаццаць, — адклікаецца Святлана, разважаючы, ці ўсё яна набыла.

— Два пакеты малака, каўбасы падайце… — тым часам пералічае свае пакупкі Клаўдзія Пракопаўна.

— Якой? – пытаецца ў яе Ігар Паддубскі.

— Якую заўсёды бяру, — адказвае жанчына і атрымлівае ад прадаўца калечка патрэбнага ёй прадукта.

Святлана дапамагае старой палічыць грошы і пытаецца ў мужа:

— Можа, і нам каўбаскі ўзяць?

— Бяры, калі трэба, — пагаджаецца Віраб.

— Будзем чакаць, калі пра нас напішаце, — кажа Святлана. — Я ў Ігара кожную суботу раёнку набываю.

На другім прыпынку ў Прыбары людзі з усмешкамі вітаюцца, але трошкі з асцярогай паглядаюць на наш фотаапарат. Нарэшце, адна з жанчын пытаецца:

— А вы, здаецца, карэспандэнты раёнкі?

Атрымаўшы станоўчы адказ, цікавіцца:

— Будзеце пра нашага Ігара пісаць? Толькі добра пішыце, бо абслугоўвае ён заўсёды выдатна, — просіць нас Алена ЗУБРЫЦКАЯ. – Мы газету набудзем і пачытаем абавязкова. Дарэчы, заўсёды “Зару над Друццю” купляю. Падабаецца вельмі.

Пакуль спрытны Ігар Паддубскі абслугоўвае пакупнікоў, пачынаем размову з вадзіцелем – Аляксандрам БЕЛЬСКІМ:

— Тры гады працуем разам. Разумеем адзін аднаго, здаецца, ужо па вачах. Я лічу, яно добра, калі двое мужчын працуюць на аўталаўцы. Што-небудзь зламаецца – дык Ігар тут жа дапаможа заўсёды.

avt

На трэцім прыпынку ў Прыбары нас ужо чакаюць. Мясцовыя жыхары з радасцю вітаюць прадаўца і вадзіцеля і, даведаўшыся, што пра іх напішуць у газеце, пачынаюць расказваць пра абслугоўванне.

— Лічу, што са мной усе пагадзяцца: наша аўталаўка самая лепшая, — гаворыць стараста вёскі Валянціна ЯЛЕЖНЕВА. – Калі чаго-небудзь няма ў продажы — заказваем у Ігара. У наступны раз абавязкова прывязе. Дый бачыце, мы тут усе ў асноўным людзі сталыя, пенсіянеры. Я ведаю, што з намі цяжка бывае, тут цярплівасць патрэбна. А ў Ігара яе хапае.

Пакуль жанчына з намі размаўляе, у яе некалькі разоў звоніць тэлефон. Нарэшце, яна адказвае на званок, а пасля тлумачыць нам:

— У нас напрыканцы вёскі жыве бабуля адна. Ёй 91 год. Папрасіла набыць для яе хлеба. Дарэчы, калі бабулі цяжка хадзіць, аўталаўка спецыяльна да яе дома пад’язджае.

На гэтым прыпынку мы і развіталіся з Ігарам Паддубскім і Аляксандрам Бельскім. А іх яшчэ шмат дзе чакаюць удзячныя пакупнікі.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Фота Вольгі ГОЛЬЦАВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *