Канікулы павінны быць бяспечнымі

25 мая прайшоў міжведамасны сход па пытаннях арганізацыі аздараўлення і занятасці непаўналетніх у летні перыяд.

Перад дырэктарамі ўстаноў адукацыі і спорту выступілі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ, выконваючы абавязкі начальніка РАУС Сяргей КРАСНОЎ, намеснік начальніка РАУС Віктар ЛЫСКОЎСКІ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА, намеснік пракурора раёна Вадзім ПІНЧУКОЎ.

— На парадку дня тры складнікі паспяховага адпачынку нашых дзяцей — бяспека, занятасць, адсутнасць правапарушэнняў і злачынстваў,— адзначыў у сваім выступленні Андрэй Ганчук. – За час леташніх летніх канікул у раёне непаўналетнія зрабілі пяць злачынстваў. Прычым, да 1 чэрвеня не было зарэгістравана ні аднаго. Большасць правапарушэнняў зрабілі якраз тыя дзеці, якія прыязджаюць на летнія вакацыі да сваякоў і не з’яўляюцца навучэнцамі бялыніцкіх школ. Тым не менш, мы павінны весці зладжаную прафілактычную работу і быць заўсёды ва ўзаемадзеянні.

Начальнік РАУС Сяргей Красноў звярнуў увагу на тое, што міліцыя пастаянна гатовая да супрацоўніцтва са школамі:

— Калі ёсць магчымасць папярэдзіць злачынства, ёй трэба скарыстацца. Лепш паведаміць супрацоў-нікам РАУС, калі заўважылі нейкія групоўкі моладзі, калі ведаеце ў твар завадатараў. З імі будзе праведзена гутарка, і, хочацца спадзявацца, што гэта дапаможа пазбегнуць здарэнняў. Нават дробныя, здавалася б, нязначныя парушэнні здольныя ў будучыні перарасці ў цяжкія злачынствы.

Напярэдадні летніх канікул з дзецьмі павінна праводзіцца абавязковая прафілактычная работа. Калі за пяць першых месяцаў мінулага года злачынстваў, зробленых непаўналетнімі, зарэгістравана не было, сёлета іх ужо два.

Бяспека дзяцей у час летніх вакацый стала адной з абмеркаваных тэм. Начальнік РАНС Віталь Воранаў ад-значыў, што асаблівая ўвага надаецца месцам адпачынку. Зараз у раёне вызначаны 10 афіцыйна дазволеных месцаў для адпачынку на вадзе. Купацца дзеці павінны толькі пад наглядам бацькоў.

Нагадаў Віталь Валянцінавіч і аб паходах у лес. Месцазнаходжанне аднаго жыхара Бялынічаў, які згубіўся ў мінулым годзе, да гэтага часу так і не ўстаноўлена.

Адзначана, што інспектары РАНС зараз правяраюць гатоўнасць летніх аздараўленчых лагераў да прыёму дзяцей.

Абмяркоўвалася і занятасць непаўналетніх у перыяд канікул. У гэтым годзе таксама будуць працаваць школьныя атрады.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *