Юныя гітарысты з ансамбля “Мелодыя” сталі лаўрэатамі двух прэстыжных конкурсаў

melПад кіраўніцтвам настаўніка па класе гітары Алены КАПЫЛОВАЙ таленавітая пяцёрка ў складзе Сяргея АРЖАНЦАВА, Уладзіслава ІГНАТОВІЧА, Глеба ПЛАТОНАВА, Максіма ЛЯЎКОВІЧА і Багдана ТАПУНОВА стала лаўрэатам І ступені ІІІ-га адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Мая мара”. Арганізатарам спаборніцтва, якое праходзіла ў Мінску, стаў музычны адукацыйны цэнтр “Эстрадная Школа Талентаў” пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячоў”. Бялынічане атрымалі два падарачныя сертыфікаты – на ўдзел у міжнародным конкурсе “Музыкі святло”, які адбудзецца ў сакавіку 2017 года, і на майстар-клас выкладчыка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Мікалая ТРУСАВА.

У адкрытым конкурсе выканаўцаў на класічнай гітары “Віват, гітара!”, што праходзіў у Бабруйску, заяўкі на ўдзел накіравалі 120 юных музыкантаў з усёй краіны. Наша “Мелодыя” стала лаўрэатам ІІ ступені. Нумары ацэньвала міжнароднае прафесіянальнае журы, якое да кожнага прад’яўляла высокія патрабаванні. Там жа ўдзельнік калектыву Багдан Тапуноў за індывідуальнае выступленне ўдастоіўся Дыплома ІІІ ступені. А ў міжнародным музычным інтэрнэт-конкурсе, які праходзіў у Сербіі, ён заняў ІІ месца.

Дарэчы, падрастае дастойная змена таленавітай пяцёрцы – малодшы састаў “Мелодыі” займаецца старанна. Спадзяемся, што ў хуткім часе і яны будуць скараць прэстыжныя конкурсы.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *