Плаціць за тое, чаго няма

Праблемныя пытанні ў сферы ЖКГ абмеркавалі на сумесным пасяджэнні калегій пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці. У працы прадпрыемстваў працягваюць выяўляцца шматлікія парушэнні заканадаўства.

Камітэтам ўстаноўлена, што 4 раённымі камунальнымі арганізацыямі завышаліся аб’ёмы выкананых работ, аказаных паслуг, неабгрунтавана ўключаліся ў сабекошт амартызацыйныя адлічэнні асноўных сродкаў на аб’ектах, што не выкарыстоўваліся, звышнарматыўныя выдаткі і страты паліўна-энергетычных рэсурсаў. Такім чынам, камунальнікамі з бюджэту на пакрыццё выдаткаў жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, было незаконна атрымана больш за 8 млрд рублёў.

У пачатку бягучага года магіляўчанам за студзень 2016 г. было неабгрунтавана прад’яўлена да пакрыцця больш за 4 млрд рублёў кошту паслуг па санітарным утрыманні і асвятленні дапаможных памяшканняў жылых дамоў, а таксама выдаткаў на электраэнергію для працы ліфтоў.

У асобных дамах, нягледзячы на тое, што ў студзені 2016 г. паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў аказваліся не ў поўным аб’ёме альбо ўвогуле не аказваліся, адпаведныя плацяжы ўсё ж былі прад’яўлены насельніцтву без якіх-небудзь карэкціровак.

У КУП “ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна г. Магілёва” наогул уносіліся ілжывыя звесткі ў асобныя ўліковыя дакументы па аказанні гэтых паслуг. Так “на паперы” ўборка лесвічных пляцовак у некаторых 9-павярховых дамах праводзілася яшчэ і на неіснуючых 10-12 паверхах. Таксама фармальна “навялі глянец” і ў некалькіх ліфтах у дамах, дзе іх ніколі не было.

У ходзе кантрольных мерапрыемстваў Камітэтам выяўлены і іншыя вострыя праблемы. Гэта нямэтавае выкарыстанне адлічэнняў насельніцтва на капрамонт, нерацыянальнае і неэфектыўнае расходаванне дзяржаўных сродкаў, памылкі пры разліку кошту камунальных паслуг, якія прывялі да недаатрымання выручкі і недаплаты падаткаў у бюджэт. Таксама мела месца незаключэнне са спажыўцамі дагавораў на аказанне асобных відаў жыллёва-камунальных паслуг, нерытмічнае і недастатковае бюджэтнае фінансаванне арганізацый ЖКГ, не задзейнічалі ў поўнай меры рэзервы зніжэння сабекошту шляхам скарачэння страт цеплавой энергіі і вады, не абсталявалі жылыя дамы прыборамі ўліку электраэнергіі.

Па выніках праведзеных Камітэтам кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2015 г., студзені-сакавіку 2016 г. да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 6 арганізацый ЖКГ і 40 іх работнікаў на 4,8 млрд рублёў. Дысцыплінарна пакараны 39 службовых асоб, вернута ў бюджэт 5,8 млрд рублёў, сэканомлена 7,7 млрд рублёў бюджэтных сродкаў, распачаты 3 крымінальныя справы.

Практыка паказвае, што некаторыя выяўленыя парушэнні носяць, у тым ліку, і карупцыйны характар. Асабліва востра стаіць гэтае пытанне пры правядзенні прадпрыемствамі ЖКГ працэдур закупак тавараў (работ, паслуг). Пракуратурай вобласці ўзбуджаны крымінальныя справы, прадугледжаныя ч 3 арт.426 КК Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да кіраўнікоў Шклоўскага і Глускага УКП “Жылкамгас”. Было ўстаноўлена, што кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў парушылі заканадаўства, якое рэгулюе правядзенне закупак, набывалі тавара-матэрыяльныя каштоўнасці па завышаным кошце.

Вялікую ўвагу на калегіі надалі працы ў арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі з грамадзянамі. На жаль, фармалізм у гэтай сферы яшчэ не зжыты. Парушэнні парадку і тэрмінаў разгляду зваротаў грамадзян выяўлены ў Магілёўскім гарвыканкаме, Крычаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім райвыканкамах, КУП “ЖРЭУ Ленінскага раёна г. Магілёва”, КУП “ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна г. Магілёва”, Магілёўскім, Глускім, Кіраўскім УКП “Жылкамгас” і інш.

Толькі ў 2015 годзе за парушэнне тэрмінаў разгляду зваротаў, дапушчаную валакіту па вырашэнні пытанняў, а таксама няякаснае выкананне работ да дысцыплінарнай адказнасці пракуратурай прыцягнуты 707 службовых асоб, у тым ліку 160 дзяржаўных служачых і 325 супрацоўнікаў прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ вобласці.

У цэлым выяўленыя органамі пракуратуры і Камітэта парушэнні і недахопы сведчаць аб неналежнай арганізацыі працы, нізкай выканальніцкай дысцыпліны, прыніжэнні кантролю органаў дзяржкіравання за дзейнасцю падсправаздачных арганізацый ЖКГ, неабходнасці прыняцця дадатковых мер па кардынальным паляпшэнні стану спраў у гэтай сферы.

Рашэннем калегій вызначаны шэраг прапаноў, накіраваных на забеспячэнне ў сістэме ЖКГ належнага выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, парадку правядзення закупак тавараў (работ, паслуг), разгляду зваротаў грамадзян, выканання сацыяльных стандартаў, парадку выкарыстання бюджэтных сродкаў, дзяржаўнай маёмасці, заканадаўства аб прадастаўленні насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг, максімальнае задзейнічанне рэзерваў зніжэння іх сабекошту і іншае. Рэалізацыя прапаноў узята на кантроль.

Юрый ФРАЛОЎ,

першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *