Прэстыжна і вельмі адказна

На IV Усебеларускім народным сходзе дырэктар дзяржаўнай вучэбна-спартыўнай установы “Бялыніцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа”, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Віктар ПАДОЛЬСКІ прадстаўляў наш раён. Разам з карэспандэнтам “Зары над Друццю” Віктар Іванавіч успомніў, як праходзіла гэта адказнае мерапрыемства.

podol

— Безумоўна, было прыемна даведацца, што мне даверылі прадстаўляць Бялыніччыну. Крыху хваляваўся, бо гэта ж прэстыжна і вельмі адказна. У Мінску сабраліся людзі самых розных прафесій, каб разам вызначыць задачы на чарговую пяцігодку. І я быў адным з іх.

— Якія пытанні абмяркоўваліся на сходзе?

— Самыя разнастайныя – пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай. Удзельнікі сходу пазнаёміліся з вынікамі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады, разгледзелі асноўныя палажэнні новай Праграмы на 2011-2015 гады.

Увогуле, усе дэлегаты працавалі ў секцыях. Мяне накіравалі ў групу “Фізічная культура і спорт”, бо менавіта гэтым напрамкам дзейнасці я і займаюся. Падчас пасяджэння секцыі выступіў з дакладам “Аб увядзенні трэцяй гадзіны ўрока фізкультуры ў агульнаадукацыйных школах”. Калі вучні займаліся фізкультурай дзве гадзіны ў нядзелю, паказчыкі здароўя дзяцей зніжаліся.

— Ці адбыліся нейкія змены пасля таго, як вы агучылі гэту праблему?

— Не ведаю, звязана гэта з маім выступленнем ці не, аднак дзесьці праз год-два зноў увялі трэцюю гадзіну ўрока фізкультуры. І вось зараз у кожнай школе ёсць гэтак званая гадзіна “Здароўя і спорту”. Лічу, што дзеці павінны развівацца не толькі інтэлектуальна, але і фізічна. Асабліва цяпер, калі ў наша паўсядзённае жыццё трывала ўкараніліся разнастайныя “разумныя” гаджэты. І хлопчыкі, і дзяўчынкі праседжваюць за камп’ютарамі ўвесь свой вольны час, нават на школьных занятках не растаюцца са смартфонамі.

— Што даў вам удзел у ІV Усебеларускім народным сходзе?

— У першую чаргу, карысны вопыт і шмат пазітыўных эмоцый. Тыя інавацыі, з якімі пазнаёміўся ў Мінску, імкнуўся рэалізоўваць і ў нашым раёне. Было цікава паслухаць меркаванні вядомых дзеячаў Беларусі, абмяркоўваць разам з імі шляхі сацыяльна-эканамічнага развіцця роднай краіны. Такія мерапрыемствы, як Усебеларускі народны сход, аб’ядноўваюць усе слаі грамадства.

Гутарыла Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *