У мінулую суботу ў Бялынічах прайшоў традыцыйны Дзень грамадзянскай абароны

У гарадскім парку Ліпавы гай сабраліся 29 каманд грамадзянскай абароны арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў і гаспадарак раёна, каб прадэманстраваць сваю падрыхтаванасць да ўзнікнення той ці іншай надзвычайнай сітуацыі і гатоўнасць яе прафесійна і аператыўна ліквідаваць.

Распачалося штогадовае маштабнае мерапрыемства з традыцыйнага агульнага пастраення каманд. Затым супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі свой прафесіяналізм і тэхналагічнасць на тушэнні пажараў драўлянай канструкцыі і легкавога аўтамабіля, выратавання пацярпелага пры дапамозе спецыяльнай 28-метровай вышкі.

Адкрыў спаборніцтвы конкурс урачыстага прахаджэння ўсіх дружын строем і з песняй. Потым каманды падзяліліся, і кожная з груп прыступіла да выканання сваіх спецыялізаваных заданняў. Напрыклад, добраахвотныя пажарныя дружыны змагаліся за права называцца лепшымі на гарадскім стадыёне: яны сапернічалі ў пажарнай эстафеце, у перацягванні каната. У праграме спаборніцтва 24 санітарных дружын былі конкурсы насценных газет і мастацкай самадзейнасці, аказання першай медыцынскай дапамогі параненаму, па эвакуацыі пацярпелых з зоны радыяцыйнага паражэння, адказаў на тэарэтычныя заданні…

Завяршыўся Дзень грамадзянскай абароны ўрачыстай цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў. Лепшым сярод механізаваных аварыйна-выратавальных звенняў стала дружная каманда БУКП “Жылкамгас”. Перамогу святкавалі санітарныя дружыны ПМК № 241 (першае месца), райвыканкама і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (другое і трэцяе месцы адпаведна). Па суме балаў, набраных у пажарнай эстафеце і перацягванні каната, пераможцам прызнана добраахвотная пажарная дружына СВК “Калгас “Радзіма”, другое месца занялі выратавальнікі БУКП “Жылкамгас”, трэцяе – ПМК № 241.

ab

Лепшай санітарнай дружынніцай стала камандзір сандружыны аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена САМУСЕВА, а лепшым выратавальнікам – прадстаўнік каманды раёна газазабеспячэння Сяргей АРЛЁНАК.

abar abr

Пераможцы вучэння па грамадзянскай абароне ўзнагароджаны дыпломамі райвыканкама і грашовымі прэміямі.

Несумненна, правядзенне Дня грамадзянскай абароны садзейнічае павышэнню гатоўнасці органаў кіравання, як і саміх грамадзянскіх фарміраванняў, да кваліфікаванай абароны насельніцтва, аб’ектаў і тэрыторый раёна падчас экстрымальных сітуацый. А гэта ў сённяшні час, з яго пагрозамі і выклікамі, з’яўляецца вельмі актуальнай задачай.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *