… І рук працавітых жывое цяпло

Заўсёды цікава размаўляць з вясковымі старажыламі, адкрываць для сябе іх багаты жыццёвы вопыт, адметнасці.

Надзеі ШТЫХАВАЙ з вёскі Лісаўка Машчаніцкага сельсавета нядаўна споўнілася 89 гадоў, і з усіх сваіх аднавяскоўцаў яна самая старэйшая. Нарадзілася ў Малой Машчаніцы ў вялікай сям’і. Жылі бедна, але шчасліва. Маці ведала безліч народных песень і навучыла спяваць іх трох дачок. А яшчэ ад бацькоў Надзеі Пятроўне перадалася сялянская загартоўка і працавітасць. Што-што, а папрацаваць жанчыне прыйшлося многа.

shtyhova

Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы ў іх вёску наведваліся некалькі разоў. У асноўным, толькі для таго, каб адправіць чарговую партыю моладзі ў Германію на прымусовыя работы. Аднойчы ноччу няпрошаныя госці завіталі ў іх хату, каб забраць з сабой і Надзею. Але яна хварэла на адзёр, таму нямецкія салдаты адбылі ні з чым. Пасля вайны Надзея Пятроўна стала працаваць у мясцовым саўгасе імя Каліноўскага паляводам. І каля дома клопатаў хапала: трэба было дапамагаць хворай маці. За гэтымі будзённымі турботамі некалі было думаць, як уладкаваць уласнае жыццё.

Аднойчы Павел Штыхаў, удавец з суседняй Лісаўкі, на руках у якога засталіся двое маленькіх сыноў 10 і 11 гадоў, прапанаваў жанчыне руку і сэрца.

— Якая я была нявеста? – горка ўсміхаецца Надзея Штыхава. – Нявесце вянок на галаву ўскладаюць, а я прыйшла, і сталі жыць. Дзяцей было шкада, што раслі без маці.

І зараз адзін з пасынкаў, Васіль, не стварыў сваёй сям’і, а застаўся жыць з ёй. Другі, Пеця, утапіўся ў рацэ шмат гадоў назад. Пайшоў з жыцця і муж, з якім дзялілі папалам гора і радасць, памерла сястра…

Іншы чалавек наўрад ці вытрымаў бы столькі гора, а яна – змагла. Жыццёвая загартоўка аказалася вельмі моцнай. Хіба што на песні забылася. А за паўсядзённымі клопатамі сумаваць некалі. Нягледзячы на паважаны ўзрост, трэба і парадак у хаце навесці, і печ натапіць, і бялізну памыць. Дый курачкі на чале з чубатым пеўнем — не апошні занятак гаспадыні — таксама патрабуюць клопату і ўвагі.

— Як была маладзейшая, то вялікую дапаможную гаспадарку трымалі, — успамінае Надзея Пятроўна. – Сям’ю без жывёлы ў вёсцы за лайдакоў лічылі. У маладосці прала і ткала і ручнікі вышывала. Посцілкі рабіла ўжо з фабрычных нітак, з лаўсану, як толькі сталі яго выпускаць у Магілёве. Пакуль з маці жылі, то і хлеб самі пяклі. З сабою ў гэту хату прывезла лапату, на якой хлеб у печ садзілі, закінула яе на гарышча. Кажуць, што тады град абміне дворышча.

Надзея Штыхава беражліва захоўвае свае работы: посцілкі, накідкі, карункавыя ручнікі. Многае, кажа, падарыла знаёмым, родным, каб не ляжала без справы, каб людзі карысталіся. З карэспандэнтам раёнкі бабуля Надзея падзялілася рэцэптам хлеба, які раней пякла.

Хлеб ад Надзеі Штыхавай

Некалькі жменяў аржаной мукі размешваем у вадзе пакаёвай тэмпературы і ставім у цёплае месца. Звычайна, гэта робіцца ўвечары. Раніцою, калі цеста ўкісне (можна дадаць крыху дрожджай, каб паскорыць працэс. – Аўт.), даліваем яшчэ 2-3 шклянкі падагрэтай вады, усыпаем пшанічную або ячневую муку, можна нацерці пару сырых бульбін. Усё перамешваем. Затым зноў дадаем аржаную муку колькі возьме цеста, і месім яго рукамі. Мясіць трэба доўга, каб цеста атрымалася пругкім.

Пасля на лапату кладзем загадзя падрыхтаванае дубовае лісце і будучы каравай адпраўляем у добра напаленую печ.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *