Свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, прайшло ў Ліпавым гаі

Парк адпачынку Ліпавы гай райцэнтра напоўніўся празрыстым смехам бялыніцкай дзетвары: 1 чэрвеня там адбылося свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

Вялікая колькасць малых сабралася на пляцоўцы амфітэатра, дзе для іх быў арганізаваны яркі пачатак любімай пары. Са святам павіншавала дзяцей намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна ЦЕЦЕРУКОВА:

— Гэты дзень для нас, дарослых, з’яўляецца напамінам пра тое, што кожнае дзяўчо і кожны хлапчук на гэтай планеце павінны расці шчаслівымі, здаровымі і любімымі. Дзеля вас, прыгожыя і ўсмешлівыя, мы жывем і працуем, а таму будзьце добрымі людзьмі, слухайцеся бацькоў і шчыра сябруйце.

Забаўляльную праграму “Свята мыльных бурбалак” падрыхтавалі спецыялісты і наведвальнікі МЦ “Ветразь”. Дзеці пабачылі вясёлы спектакль, паўдзельнічалі ў конкурсах і заразіліся пазітыўным настроем. Прыгожымі спевамі дапоўнілі святочную атмасферу вучні ДУА “Бялыніцкая дзіцячая школа мастацтваў”.

Асаблівую радасць даставілі малым супрацоўнікі РАНС, якія не толькі арганізавалі прымерку спецвопраткі, але і правялі дэманстрацыю магчымасцяў выратавальнай тэхнікі.

— Не саромейцеся, падыходзьце бліжэй. Сёння кожны з вас можа ўявіць сябе сапраўдным пажарным, — запрасіў дзяцей актыўней далучацца да свята інспектар ГПіУГ РАНС Эдуард АТРАШКОЎ.

Завяршыў свята дзіцячых усмешак гала-канцэрт пераможцаў шостага адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Крынічкі”.

Анастасія МАКЕЕВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *