Два выпадкі незаконнай лоўлі рыбы былі выяўлены работнікамі міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Так, пятніца 13 мая аказалася для дачніка з в. Барсукі Лебядзянкаўскага сельсавета няўдалай. На рацэ Вабіч падчас нерасту мужчына незаконна лавіў рыбу з выкарыстаннем забароненых прылад рыбалоўства – 4-х сеткавых экранаў. Улоў, дарэчы, невялікі – 6 плотак і 1 галавень. Кошт рыбы складае 84 000 руб. Аднак агульную шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, ацанілі ў 9 450 000 руб.

За парушэнне Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства ў дачыненні да парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол па ч1 арт. 15.35 КаАП РБ, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ад 20 да 50 базавых велічынь. Таксама яму прыйдзецца кампенсаваць кошт незаконна здабытай рыбы і шкоду навакольнаму асяроддзю.

Другі падобны выпадак адбыўся 15 мая на возеры Ланькаўскае, недалёка ад в. Адверніца. Былі затрыманы два браканьеры, якія таксама падчас нерасту лавілі рыбу з дапамогай забароненых прылад – стаўных сетак агульнай даўжынёй 150 м.

Улоў склаў 30 асобін розных відаў рыбы коштам 779 100 руб. Шкоду навакольнаму асяроддзю ацанілі ў 40 887 000 руб. Яна перавысіла 100 базавых велічынь, а гэта значыць, што дзеянні браканьераў расцэньваюцца як злачынства, прадугледжанае ч 2 арт. 281 КК РБ. На месца здарэння была выклікана следча-аператыўная група РАУС. Зараз вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету просіць усіх грамадзян садзейнічаць у выяўленні фактаў браканьерства і іншых парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Тэлефон даверу 8 (02232) 55-252. Ананімнасць гарантуецца.

Іван АЛЬШЭЎСКІ,

старшы дзяржінспектар міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *