Небяспечныя знаходкі

Нярэдкімі з’яўляюцца выпадкі выяўлення выбухованебяспечных прадметаў на палях нашай краіны. Такая знаходка можа прынесці вялікае гора тым, каму патрапіць у рукі, бо 10 працэнтаў усіх боепрыпасаў, што былі выкарыстаны падчас Другой сусветнай вайны, не разарваліся і па сённяшні дзень.

У наш час існуюць так званыя “чорныя капальнікі” – людзі, якія займаюцца незаконным пошукам зброі і ўзрыўчаткі часоў вайны. Іх дзеянні часта становяцца прычынай павелічэння колькасці няшчасных выпадкаў.

Факт сур’ёзнага траўмавання “чорнага капальніка” зарэгістравалі ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Спрабуючы дастаць з тайніка боепрыпасы, ён выпадкова прывёў у дзеянне адзін з іх. Аказалася, што мужчына на працягу доўгага часу займаўся сваёй незаконнай справай, бо падчас вобыску ў яго дома супрацоўнікамі міліцыі былі канфіскаваны каля 2 000 патронаў рознага калібру, састаўныя часткі агнястрэльнай зброі, узрывальнікі, гранаты, 12 кг пораху.

Вядомыя выпадкі, калі грамадзяне, якія займаюцца незаконным пошукам і захоўваннем боепрыпасаў, прыцягваюць да гэтай справы сваіх дзяцей. Так, напрыклад, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці падлетку адарвала пальцы рукі ў выніку спробы разабраць патрон часоў Вялікай Айчыннай вайны. У доме яго бацькоў выявілі 4 буйнакаліберныя патроны, 54 гільзы, 50 куль, ствол вінтоўкі, металічны слоік з порахам масай 60 г.

Кожны памятае нядаўні выпадак у Бярэзінскім раёне, дзе выбух снарада, што праляжаў у зямлі больш за 70 гадоў, забраў жыцці дваіх дзяцей і траўмаваў трэцяга.

Выбухованебяспечныя прадметы могуць быць выяўлены ўсюды, дзе праходзілі баявыя дзеянні Другой сусветнай вайны. У сувязі з магчымасцю няшчасных выпадкаў у нашым раёне, яго жыхарам трэба ведаць пэўныя правілы абыходжання з такімі рэчамі.

Пры выяўленні выбухованебяспечнага прадмета катэгарычна забараняецца браць яго ў рукі, класці ў кішэні, заплечнікі; наносіць па ім удары, наступаць альбо наязджаць на яго; разбіраць, распілоўваць, уздзейнічаць на прадмет агнём; здаваць у пункты збору металалому; закопваць у зямлю, кідаць у вадаём; рабіць самастойныя спробы абясшкодзіць яго.

Неадкладна паведаміце пра знаходку ў РАУС па тэлефоне 102 альбо ў РАНС па тэлефоне 101; прыміце меры па недапушчэнні да прадмета пабочных асоб, трымайцеся паводдаль.

Дзяніс ВІННІКАЎ,

начальнік міжрайаддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *