І да вас завітаем

У рамках сумеснага сацыяльнага праекта з райспажыўтаварыствам карэспандэнты “Зары над Друццю” наведваюць самыя аддаленыя населеныя пункты Бялыніччыны. Падчас вандровак з аўталаўкамі журналісты знаёмяцца з вяскоўцамі і потым расказваюць іх гісторыі на старонках раённага выдання.

Прадавец Марыя МІСКЕВІЧ і вадзіцель Мікалай АВЕРКІН – выдатныя праваднікі, з якімі супрацоўнікі раёнкі падарожнічаюць не першы раз. Дарэчы, іх аўтамагазін з’яўляецца адным з самых паспяховых. Сярод тавараў, што прапаноўвае каманда перасоўнай гандлёвай кропкі, можна знайсці і чарговыя нумары “Зары над Друццю”.

У Сурдах прыгажосць малююць

Адной з першых да аўталаўкі прыйшла стараста Сурдаў Ніна МАРТЫНОЎСКАЯ. Ураджэнка вёскі Васькавічы Чавускага раёна змяніла прапіску пасля таго, як выйшла замуж за мясцовага жыхара Аляксандра.

— Ціхае маляўнічае месца, у якім ёсць усё для спакойнага жыцця, — гаворыць жанчына. – Тут гадаваліся мае чацвёра дзетак, а зараз і ўнучачка прыязджае. Вось набываю ёй ласункі ў аўтамагазіне.

Быць старастай – адказная справа, якая патрабуе ініцыятыўнасці і энергіі. Былы сацыяльны работнік імкнецца быць у курсе ўсіх падзей, і раёнка ў гэтым ёй дапамагае. Гледзячы на чарговы нумар выдання, што размешчаны на “вітрыне” перасоўнага магазіна, Ніна Мартыноўская кажа:

— Пастаянна выпісваю газету. Упэўнена, і дачнікам, якія прыязжаюць з іншых раёнаў, будзе цікава пагартаць “Зару над Друццю”. Тым больш, што купіць яе можна ў аўталаўцы.

На падворку сям’і САМАЛАЗАВЫХ прывольна адчуваюць сябе лебедзі. Праўда, зроблены яны з пакрышак.

леб

— Захацелася чагосьці новенькага, таму і змайстравала вось такіх белых птушак, — прызнаецца гаспадыня сядзібы Валянціна Уладзіміраўна. – Мне падабаецца рабіць прыгожыя рэчы з разнастайных матэрыялаў. І пэндзаль з фарбамі ахвотна ў рукі бяру.

Валянціна Самалазава трапятліва захоўвае нумары раённай газеты, у адным з якіх быў надрукаваны артыкул і пра іх сям’ю.

— Гляджу на каляровыя здымкі іншых падворкаў, любуюся, — гаворыць пенсіянерка. – Адразу ж у галаве ўзнікаюць ідэі, як далей упрыгожваць сваю сядзібу.

Пакуль гаспадыня разважае пра перспектывы добраўпарадкавання, яе муж, Міхаіл Нікіціч, шчыруе ў сваёй невялічкай майстэрні.

— Раблю пчолам новыя домікі, — тлумачыць Міхаіл Самалазаў. – Хутка і стол змайструю. Выдатную драўніну для яго падрыхтаваў.

пила

З асаблівай цеплынёй пенсіянер расказвае пра свой пчальнік. Гаспадар дбайна клапоціцца пра пчол, а за гэта яны ўзнагароджваюць яго неверагодна смачным мёдам.

— Трэба ствараць вакол сябе прыгажосць, чым і займаецца Валянціна, — адзначае Міхаіл Нікіціч, акідваючы позіркам прысядзібны ўчастак. – Лебедзяў намалявала, кветак вакол насадзіла. Ніводнай вольнай хвіліны ў маёй гаспадыні няма.

Ізобішча – бусліны рай

Аўталаўка павольна едзе па галоўнай вуліцы вёскі Ізобішча і сігналіць. Насустрач машыне райста імчацца на роварах двое маленькіх хлопчыкаў. Гэта лепшыя сябры Арсеній і Кірыл, якія ніколі не сумуюць.

— Футбол, даганялкі, хованкі – непаседы заўсёды знойдуць, чым заняцца, — гаворыць магіляўчанка Ірына АНТОНЕНКА. — Тут сапраўднае раздолле для дзяцей, чыстае паветра. З іх з’яўленнем вёска быццам ажывае.

Ірына Віктараўна разам з унукам Арсеніем на лета прыехала да матулі, Валянціны МАРЧАНКА. Вядома, праводзіць спякотныя дзянькі лепей на прыродзе, чым у горадзе.

арсений

— Не паспела азірнуцца, як дзеці, унукі выраслі, ужо і праўнукаў дачакалася, — з лагоднай усмешкай кажа Валянціна Паўлаўна. – Здаецца, зусім нядаўна наведвала дачок, якія вучыліся ў Магілёве, рабілі першыя крокі ў самастойным жыцці. Як хутка ляціць час.

Амаль на кожным падворку Ізобішчаў можна ўбачыць фігуркі буслоў. А вось каля дома Валянціны СЛАВІКАВАЙ размясцілася цэлая іхняя сям’я. З чатырма металічнымі птушкамі жывуць па-суседску алень, божая кароўка і свінка.

аисты

— Шмат гадоў адпрацавала маляром, выйшла на заслужаны адпачынак, — расказвае пенсіянерка з Мінска. – З братам Уладзімірам, які жыве ў Магілёве, даглядаем бацькоўскую хату. З гэтай сядзібай звязана многа ўспамінаў. Тут прайшло наша дзяцінства.

Жыхары Ізобішчаў у чарзе да аўталаўкі ў адзін голас запэўніваюць, што з нецярпеннем будуць чакаць на старонках “Зары над Друццю” артыкулы пра іх вёску. Няхай увесь раён ведае, якія тут прыгожыя падворкі!

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *