Творчы праект «Жывое рамяство»: Лазовая навука, або пляцём кашы і кошыкі

Спрадвеку беларусы выкарыстоўваюць у побыце кашы і кошыкі разнастайных формаў і памераў, сплеценыя з лазовых ці вярбовых прутоў, сасновай або дубовай дранкі, ліпавай ці бярозавай кары, саломы, чароту і іншых матэрыялаў. Кашы былі незаменныя для пераносу бульбы, агародніны і садавіны, збірання грыбоў і ягад, а таксама захоўвання розных, пераважна харчовых, прыпасаў.

Мінулае і сучаснасць традыцыі

У конусападобных кашах, звужаных уніз, захоўвалі саланіну. Іх абгортвалі палатном і падвешвалі да бэлькі ў кладоўцы ці на гарышчы. Ёмістасці для збожжа, крупы і мукі рабілі, звычайна, з пучкоў саломы, укладваючы іх адзін на адзін па спіралі і пераплятаючы лазой ці мачалам.

Найбольшых памераў (у сярэднім 2х1 метр) былі вазовыя кашы, прызначаныя для транспартавання самых розных рэчаў. Іх плялі з тоўстых гнуткіх дубцоў у форме пашыранай уверх скрыні з акруглымі бакамі.

На жаль, большасць відаў гэтых плеценых вырабаў выйшла з ужытку і сустракаецца толькі ў музейнай экспазіцыі ці ў якасці сувеніраў на выставах-продажах і святочных кірмашах. Дый традыцыйны сялянскі ўклад жыцця, які яшчэ да нядаўняга часу ў значнай ступені прадугледжваў вядзенне натуральнай гаспадаркі, зведаў значныя змены. Але і сёння многія вяскоўцы і дачнікі з ахвотай поркаюцца на агародах, вырошчваюць бульбу і буракі, моркву і цыбулю. А восенню, калі прыйдзе час убіраць багаты ўраджай, ім не абыйсціся без кашоў.

У наш час для гэтага шырока выкарыстоўваюцца кашы паўкруглай формы, якія маюць драўляны або металічны каркас, пераплецены дротам ці шпагатам.

Ад слесарства да кошыкапляцення – адзін крок

У ліку народных умельцаў, якія робяць гэтыя, на першы погляд, простыя і непрыкметныя, але незаменныя ў хатняй гаспадарцы вырабы, знаходзіцца і жыхар вёскі Навасёлкі Вішоўскага сельсавета Пётр СІЛІЦКІ.

Пётр Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Стадолішча. Пасля вучобы і службы ва Узброеных Сілах працаўладкаваўся ў Магілёве. Там жа сустрэў жонку, Тамару Міхайлаўну. Яна родам з Навасёлак. А як выйшлі на заслужаны адпачынак, то збеглі ад гарадской сумятні ў вёску і пасяліліся ў бацькоўскай хаце.

Вядома, сельскім жыхарам без справы сумаваць не даводзіцца. Акрамя апрацоўкі гарода і догляду за садам, Пётр Сіліцкі знайшоў для сябе і новы занятак – пляценне кашоў.

– Неяк жонка паскардзілася, што ўсе кошыкі сталі непрыдатныя для выкарыстання, – расказвае майстар. – Маўляў, так восенню не будзе ў што і бульбу збіраць. Я пакруціў стары кош у руках і вырашыў: калі нехта яго зрабіў, то і я змагу.

Трэба сказаць, што да пенсіі Пётр Міхайлавіч працаваў слесарам на заводзе “Магілёўтрансмаш”. Працяглы час выконваў абавязкі брыгадзіра, у яго падначаленасці знаходзілася адразу некалькі брыгад, слесары і манцёры якіх абслугоўвалі розныя ўчасткі. Таму навучыўся хутка ўнікаць у сутнасць малазнаёмай справы.

Так назапашаны досвед дапамог былому слесару самастойна асвоіць карыснае для сельскага жыцця рамяство, з сакрэтамі і тонкасцямі якога майстар падзяліўся з карэспандэнтам раёнкі.

Прыдатную для пляцення кошыкаў сыравіну Міхаіл Сіліцкі пачынае назапашваць вясной, калі становіцца цёпла, і сок, напаўняючы сцябліны, абуджае расліну пасля зімовага сну. Пруты неабходна выбіраць прамыя, стройныя, да 1,5 метра ў вышыню, без сучкоў (у месцы сучкоў яны звычайна трэскаюцца пры згінанні). Для іх пошуку дастаткова прагуляцца ў добрае надвор’е па вёсцы і яе наваколлі.

Потым Пётр Міхайлавіч падразае пруты на неабходную даўжыню, не ачышчаючы ад кары, акуратна абгінае вакол круглага металічнага бака і замацоўвае. Праз тры дні перамяшчае іх ўжо ўнутр бака і пакідае так на некалькі дзён.

…Нарэшце мы ачышчаем вярбовыя пруты ад кары  і пераходзім да самага цікавага этапа – пляцення кошыка. Перш за ўсё надаём яму правільную форму: тонкім медным дротам звязваем канцы кожнага з двух дубцоў і прасоўваем атрыманыя кольцы адно ў другое – робім “крыж” . Замацоўваем скрыжаванні маленькімі цвікамі і абплятаем з абодвух бакоў замком з алюміневага дроту. Для гэтага дастаткова зрабіць па 10 віткоў.

Затым устаўляем у замкі вярбовыя спіцы. Для гэтага майстар спрытна падразае пруты на неабходны памер, час ад часу прымяраючы іх. Усяго патрэбна 6 спіц. Дзве ніжнія павінны крыху выступаць за сярэднюю. Так яны ствараюць апору, і кош не перакуліцца.

Плет2

– Падгонка спіц – вельмі адказны момант, – каменціруе свае дзеянні Пётр Міхайлавіч. – Калі правільна зрабіць, то кош атрымаецца роўны і будзе прыгожа выглядаць.

Зборка каркаса кошыка займае каля гадзіны, пасля чаго яго можна аплятаць шпагатам (фота 5 і 6). Пётр Сіліцкі робіць гэта звычайна вечарам, слухаючы любімыя радыёперадачы. Аплятанне, трэба сказаць, даволі карпатлівая праца, якая займае нават больш часу, чым папярэднія аперацыі. Падмяняючы адзін аднаго і бавячы час за размовай, мы давялі справу да канца. У выніку атрымаўся зручны, трывалы і лёгкі кошык.

– Такі кош вельмі практычны, – кажа Пётр Сіліцкі. – Калі з ім акуратна абыходзіцца, ён доўгі час будзе служыць у гаспадарцы. Мне падабаецца плесці кошыкі. Прыемна ўласнымі рукамі паступова, крок за крокам, ствараць рэч, якая прыносіць карысць не толькі сабе, але і іншым людзям.

Сил

Лепшы падарунак – зроблены сваімі рукамі

У адрозненне ад навасёлкаўскага майстра, які пляце кашы для гаспадарчых патрэб, жыхарка аграгарадка Ланькаў Карына МАРДАЧОВА робіць цуда-кошыкі, здольныя аздобіць інтэр’ер любога жылля. Хаця ўтылітарных функцый яны таксама не пазбаўлены і могуць служыць для захоўвання касметыкі, побытавых і рукадзельных дробезяў.

IMG_5907

Для сваіх твораў маладая дзяўчына выкарыстоўвае звычайную газетную паперу, а для іх дэкарыравання – рознакаляровыя банты, стужкі, бісер. Прычым, у яе атрымліваюцца розныя варыянты кошыкаў: квадратныя і круглыя, шырокія і вузкія, прысадзістыя або падоўжаныя, з накрыўкай і без яе.

– Спачатку наразаю газетныя старонкі на палоскі шырынёй каля 10 і даўжынёй каля 30 см, – расказвае Карына. – Прычым, выкарыстоўваць лепш палоскі са светлым краем без тэксту і малюнкаў. Менавіта з іх атрымліваюцца трубачкі белага колеру, з якіх потым і пляту кошыкі.

Затым пачынаю скручваць трубачкі. Кладу на самы край палоскі (але не на белы!) спіцу пад мінімальным вуглом, туга і шчыльна накручваю на яе паперу. Калі застаецца толькі кончык, намазваю яго клеем і толькі потым дакручваю да канца. Для самага маленькага вырабу патрэбна не менш за 70 такіх нарыхтовак.

Потым раблю аснову і каркас кошыка, і пачынаю яго аплятаць. Спосабаў пляцення існуе вельмі шмат, усё залежыць ад формы вырабу і фантазіі майстра. Асабіста я пастаянна эксперыментую.

плет

Гатовы кошык можна пафарбаваць, але лепш за ўсё фарбаваць трубачкі яшчэ да пачатку пляцення. Па-першае, вільготная папера лягчэй пераплятаецца, па-другое, колер атрымаецца больш якасным. Для афарбоўкі ідэальна падыходзяць акрылавыя фарбы на воднай аснове, гуаш, каларанты, якія прымяняюцца для надання розных адценняў фарбам. Пасля пакрываю кошыкі разбаўленым вадой клеем ПВА, што надае паперы шчыльнасць і трываласць.

Гледзячы на шыкоўныя вырабы Карыны, становіцца зразумела, што па характары яна – сапраўдны мастак: у яе ніколі не заканчваецца фантазія, і новыя ідэі з’яўляюцца бясконцай чарадой. А свае шыкоўныя творы яна з радасцю дорыць родным і сябрам. Кошыкапляценнем яна займаецца звычайна ўзімку, а летам свой вольны час прысвячае іншаму хобі – кветкам.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара і Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *