Выпускны баль адбыўся ў чацвер у раённым Цэнтры культуры

Выпускны баль — урачыстая і незабыўная для старшакласнікаў падзея — адбыўся ў чацвер у раённым Цэнтры культуры. 98 юнакоў і дзяўчат з 8 устаноў адукацыі Прыдруцкага краю атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. 1 з іх – асобага ўзору.

Святочнае дзейства распачалося на цэнтральнай плошчы Бялынічаў, дзе, акрамя віноўнікаў свята, палюбавацца і падтрымаць іх сабраліся сябры, родныя і блізкія. Памяркоўна і сціпла паводзілі сябе юнакі. Бесклапотна ўсміхаліся, фатаграфаваліся, прыхарошваліся і дзяліліся ўражаннямі ад сваіх убранняў дзяўчаты. Яскравыя і прыгожыя, лёгкія і строгія, крыху разгубленыя, але акрыленыя марамі і надзеямі светлай будучыні, яны ў апошні раз былі школьнікамі.

IMG_5800 IMG_5806

Пад барабанную дроб, якую зладжана адбіваў калектыў барабаншчыц РЦК, калона з выпускнікамі і настаўнікамі накіравалася ў раённы Цэнтр культуры, дзе адбылася цырымонія ўручэння атэстатаў.

Цёплымі словамі віншаванняў і пажаданняў выпускнікоў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК:

— У школе вы атрымлівалі якасныя веды, развівалі свае творчыя здольнасці, вучыліся мець уласнае меркаванне, любіць і паважаць сваіх бацькоў і Радзіму. Усё гэта – каштоўны капітал, які ў спалучэнні з мудрымі парадамі настаўнікаў павінен дапамагчы пераадолець любыя цяжкасці, што могуць узнікнуць перад вамі ў дарослым жыцці. Вам ёсць на каго раўняцца, і я ўпэўнены, што вы станеце дастойнымі прадаўжальнікамі працоўных, спартыўных і творчых дасягненняў нашых славутых землякоў.

IMG_5957

Высокую ацэнку працы школьніка – атэстат асобага ўзору і залаты медаль – Андрэй Аляксандравіч уручыў вучню СШ №1 імя М.І. Пашкоўскага Максіму КРОЛУ. Маці яго, Алена Віктараўна, за добрае выхаванне сына атрымала Падзячны ліст раённага выканаўчага камітэта.

За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ФУРСАВА ўручыла грашовыя прэміі выпускнікам СШ №1 Сяргею КОТАСАВУ, Дар’і ЦАПІК (СШ №2), Вользе БЕЛЬСКАЙ (Цяхцінскі ВПК ДС СШ), а Падзячнымі лістамі і каштоўнымі падарункамі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа адзначаны Хрысціна ТРУСАВА і Дзмітрый ПАЛАВІНСКІ (СШ №2), Маргарыта КАНАКОРАВА, Дар’я ШЫМАНОЎСКАЯ, Міхаіл КУРНОСАЎ (Цяхцінскі ВПК ДС СШ), Дар’я ЖАРКЕВІЧ (Машчаніцкая СШ), Анастасія ЗАЛІЦАЕВА (Эсьмонскі ВПК ДС СШ).

IMG_6423 IMG_6347

Завітала на свята і заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, трохразовы прызёр чэмпіянатаў свету, удзельніца трох алімпійскіх гульняў, рэкардсменка Беларусі па спартыўнай хадзьбе Валянціна ЦЫБУЛЬСКАЯ. Падзячныя лісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама яна ўручыла рабятам, якія дасягнулі высокіх вынікаў у спорце: Сяргею Котасаву (СШ №1), Максіму МІХАЛЬКОВУ (СШ №2), Дзмітрыю КАЛТУНОВУ (Вішоўская СШ), Паўлу ХІМОРДЗІНУ (Галоўчынская СШ), Марыі КОЗЫРАВАЙ (Машчаніцкая СШ), Міхаілу Курносаву (Цяхцінскі ВПК ДС СШ).

Прадстаўнікі падшэфных арганізацый: намеснік старшыні СВК “Калгас Радзіма” Міхаіл СКУСАЎ і старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Бялынічы” Тамара ЛАРКОВА ўручылі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі ад сельгаспрадпрыемстваў, адпаведна, 13 вучням Вішоўскай школы і 5 – Галоўчынскай.

Духоўны наказ і блаславенне на добры жыццёвы шлях выпускнікі атрымалі ад настаяцеля храма ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці айца Сергія.

Уважліва слухалі яны і параду маці, з якой ад імя ўсіх бацькоў да галоўных герояў свята звярнулася Вольга ПАДОЛЬСКАЯ.

У адказ на ўсе добрыя словы на дарогу выпускнікі пакляліся быць годнымі грамадзянамі сваёй Бялыніччыны і краіны.

— З хваляваннем, але ўпэўнена крочу ў далейшае жыццё, — кажа выпускніца СШ №2 Валерыя НАБОКАВА. – Маю на будучае канкрэтныя мэты і буду прыкладаць усе намаганні, каб ператварыць іх у жыццё.

Прыемныя ўспаміны, слёзы хвалявання і радасці, шчырыя пажаданні на будучыню, кветкі, шчаслівыя ўсмешкі і бясконцыя здымкі на памяць з аднакласнікамі, настаўнікамі і бацькамі – усё гэта выпускны баль, які перагарнуў апошнюю старонку дзяцінства і раскрыў перад учарашнімі школьнікамі новыя, пакуль яшчэ нязведаныя, прасторы дарослага жыцця.

IMG_6567

 

Вольга НАБОКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *