Механізатары ААТ “Новая Друць” вядуць актыўную нарыхтоўку зялёнай масы

Механізатары ААТ “Новая Друць” вядуць актыўную нарыхтоўку зялёнай масы для забеспячэння кармамі буйной рагатай жывёлы на прадстаячую зімоўку.

камбайн

Работнікі брыгады №4 па нарыхтоўцы кармоў ужо заклалі сянаж на жывёлагадоўчых комплексах у Машчаніцы і Цяхціне, а зараз шчыруюць на вытворчым участку ў вёсцы Стараселле. Як адзначыў начальнік участка Рыгор ЖУКАЎ, праца вядзецца зладжана і сістэмна. На трамбоўцы задзейнічаны Аляксандр СВІРЭЙКА і Яўген ЗАЛАТУХІН.

Бесперапынны падвоз здробненых шматгадовых траў ажыццяўляюць вадзіцелі Мікалай ЦАБРОЎ, Дзмітрый ПЛЕХАЎ, Эдуард ВАРАПАЕЎ, Міхаіл КАДАЦЕНКА, Андрэй ШЫДЛОЎСКІ, Антон КОСТУСЕЎ… Спрыяе нарыхтоўцы кармоў і надвор’е. Усе гэтыя складнікі дазваляюць брыгадзе хутка і аператыўна выконваць пастаўленыя задачы. Тым больш, што тон у працы задае дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль ДРАЗДОЎ, які ўзяў нарыхтоўку кармоў пад уласны кантроль і адным з апошніх пакідае сенажаці.

Вось і падчас наведвання карэспандэнтам раённай газеты Старасельскага вытворчага ўчастка Анатоль Уладзіміравіч знаходзіўся ў полі каля вёскі Кунцы, дзе працавала брыгада корманарыхтоўчых камбайнаў.

— Усе работнікі задзейнічаны на корманарыхтоўцы не першы сезон, — распавядае дырэктар сельгаспрадпрыемства. – На магутным “Біг-Х” працуе Саргей МУЗЫКАРЭНКА, а на агрэгаце “Палессе” – Сяргей СТРАЛЬЦОЎ. Гэта – перадавікі сёлетняй корманарыхтоўчай кампаніі. З пачатку ўборкі траў першага ўкосу Сяргей Стральцоў здрабніў больш за 2200 тон зялёнай масы. Механізатар Міхаіл СМАЛЯКОЎ на трактары МТЗ 12-21 з касілкай “Крона”-3,6 скасіў 498 гектараў шматгадовых траў.

Але акрамя турбот будзённых, Анатоля Драздова ў хуткім часе чакаюць клопаты і дзяржаўнага значэння. Ён з’яўляецца дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу.

— Гэта падзея для мяне важная і хвалюючая, — гаворыць дырэктар ААТ “Новая Друць”. – Адчуваю вялікую адказнасць за тое, што мне даверылі гонар быць у ліку прадстаўнікоў нашага раёна на гэтым знакавым форуме. Паколькі я заняты ў сферы аграпрамысловага комплексу, то буду прымаць да ўвагі ўсю інфармацыю пра гэтую галіну эканомікі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *