У мінулы аўторак прайшоў абласны форум дэлегатаў Магілёўшчыны на пяты Усебеларускі народны сход

У мінулы аўторак прайшоў абласны форум дэлегатаў Магілёўшчыны на пяты Усебеларускі народны сход, які адбудзецца 22-23 чэрвеня ў Мінску. На яго абмеркаванне, нагадаем, выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011 – 2015 гады і аб асноўных палажэннях аналагічнай праграмы развіцця краіны на 2016 – 2020 гады.

Чакаецца, што ўдзельнікамі гэтага знакавага форуму стануць 2,5 тысячы чалавек. А Магілёўскую вобласць на ім будуць прадстаўляць 350 выбраных дэлегатаў.

У адпаведнасці з праграмай правядзення абласнога форуму ўдзельнікаў пятага Усебеларускага народнага сходу, якія выбраны ад Магілёўскай вобласці, пленарнаму пасяджэнню папярэднічала наведанне раённых дэлегацый шэрагу знакавых прадпрыемстваў і арганізацый Прыдняпроўскага краю. Дэлегаты сходу нашага раёна, напрыклад, пазнаёміліся з дзейнасцю і дасягненнямі ААТ “Бабуліна крынка” – упраўляючая кампанія холдынгу “Магілёўская малочная кампанія “Бабуліна крынка”. У сваю чаргу, больш за паўсотні дэлегатаў на пяты Усебеларускі народны сход ад горада Магілёў наведалі СВК “Калгас “Радзіма”.

Праграма знаходжання іх у адным з перадавых сельгаспрадпрыемстваў Беларусі, якое больш за трыццаць пяць гадоў узначальвае паспяховы менеджар сельгасвытворчасці, кавалер ордэна Айчыны ІІІ ступені, дэлегат папярэдніх трох Усебеларускіх народных сходаў Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ, была насычанай і багатай на ўражанні. З уласцівым характару Аляксандра Міхайлавіча гумарам ён пазнаёміў гасцей з сістэмай працы з людзьмі, што выкарыстоўваецца ў практычнай дзейнасці сельгаспрадпрыемства, расказаў аб тых шматлікіх ільготах, якімі забяспечаны працоўная моладзь, ветэраны і работнікі гаспадаркі, аб прэферэнцыях школьнікам і іх бацькам. Кіраўнік гаспадаркі дэталёва прааналізаваў працу калектыву за прайшоўшую пяцігодку. Адчувалася, што прыведзеная ім статыстыка сацыяльна-эканамічнага развіцця СВК “Калгас “Радзіма”, як і далейшыя перспектывы дзейнасці гаспадаркі, вельмі ўразілі і закранулі гарадскіх дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Таму давялося Аляксандру Лапацентаву адказаць яшчэ і на добры дзясятак пытанняў.

IMG_6769

Тэарэтычную частку праграмы прадоўжыла практычная. Госці з Магілёва наведалі ўнікальны музей гісторыі СВК “Калгас “Радзіма”, пазнаёміліся з не менш унікальным комплексам летняга лагера зімовага ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, што ўзводзіцца па адмысловай тэхналогіі за сродкі гаспадаркі і ўласнымі сіламі ў вёсцы Саглассе. Як паінфармаваў кіраўнік сельгаспрадпрыемства, тут, напрыклад, сёлетняй зімой кожны гадаванец прыбываў у вазе за суткі па 1кілаграму 200 грамаў. А два вытворчыя памяшканні абслугоўвае адзін жывёлавод. Цяпер завяршаецца будаўніцтва яшчэ двух памяшканняў, праводзяцца добраўпарадкавальныя работы на тэрыторыі комплексу. Да слова сказаць, гэта ферма выклікала павышаную цікаўнасць, вопыт яе пабудовы і функцыянавання распаўсюджваецца ў АПК краіны.

IMG_6778

Вядомы на Магілёўшчыне чалавек, старшыня савета абласной арганізацыі ветэранаў вайны і працы Анатоль ЛЮБЧАНКА, азнаёміўшыся з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем вытворчай дзейнасці СВК “Калгас “Радзіма”, адзначыў, што ў 1958 годзе ён як малады спецыяліст быў накіраваны на працу ў Бялыніцкі раён. Тады, па словах Анатоля Ціханавіча, ураджайнасць зерневых рэдка ў якім калгасе перавышала 10 цэнтнераў з гектара, за год ад каровы надойвалі па паўтары тысячы літраў малака, а сярэднясутучныя прывагі буйной рагатай былі “курынымі”.

— Тое, што пабачылі ў СВК “Калгас “Радзіма”, — сказаў Анатоль Любчанка, — гэта працоўны подзвіг работнікаў гаспадаркі, яе кіраўніка. І гэта ёсць адна з нашых агульных працоўных перамог!

У другой палове дня дэлегаты пятага Усебеларускага народнага сходу ад Магілёўшчыны прынялі ўдзел у пленарным пасяджэнні, якое праходзіла ў канферэнц-зале аблвыканкама. У ліку асноўных тэм – падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці за прайшоўшую пяцігодку, вызначэнне перспектыўных кірункаў развіцця рэгіёну на 2016–2020 гады.

Кіраўнік вобласці, старшыня абласнога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да пятага Усебеларускага народнага сходу Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ павіншаваў удзельнікаў пасяджэння з выбраннем дэлегатамі знакавага форуму краіны. У справаздачным дакладзе старшыня аблвыканкама адзначыў, што ўсе тыя дасягненні, якімі ганарыцца Магілёўшчына, сталі магчымымі дзякуючы старанням усяго насельніцтва рэгіёну, карпатлівая праца якога не застаецца незаўважанай і атрымлівае высокую адзнаку. Напрыклад, за прайшоўшыя пяць гадоў 127 самых лепшых працаўнікоў Прыдняпроўскага краю, сярод якіх і кіраўнік СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр Лапацентаў, былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *