Чацвёрты год запар падчас летніх канікулаў звыш 120 дзяцей праходзяць аздараўленне ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Перамога”

Летнія канікулы – гэта і выдатная магчымасць зарадзіцца новай энергіяй і добрым настроем, і прадаўжэнне асваення свету, і, зрэшты, найбагацейшы час для выхавання і самавыхавання. Змяніць аднатонны рытм вучэбнай дзейнасці, найбольш поўна раскрыць свае творчыя і спартыўныя здольнасці, знайсці новых сяброў і проста карысна правесці вольны час рабяты могуць у дзіцячых лагерах, якія працуюць у нашым раёне.

Чацвёрты год запар падчас летніх канікулаў звыш 120 дзяцей праходзяць аздараўленне ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Перамога”, што функцыянуе на базе Старасельскага ВПК ДС ПШ.

Дзень, калі карэспандэнт раёнкі наведала лагер, быў вельмі непагодлівы, і рабяты вымушаны былі знаходзіцца ў будынку школы. Але, як кажуць, нават у чатырох сценах яны не сумавалі. Тлумачыцца гэта проста: з шырокай разнастайнасці спартыўных ці творчых заняткаў, якія прапануюцца для выхаванцаў “Перамогі”, кожны знойдзе сабе захапленне.

Девочки

— У аснову праграмы працы нашага лагера закладзены развіццё асобы дзіця, умацаванне яго псіхалагічнага і эмацыянальнага здароўя, — кажа старшы выхавацель лагера Наталля ВУС. – Кожны дзень з раніцы да вечара насычаны цікавымі заняткамі і мерапрыемствамі на любы густ. У рабят проста не застаецца часу сумаваць! На працягу дня яны самі выбіраюць сабе, чым будуць займацца, і маюць магчымасць змяняць адзін від дзейнасці на іншы. Аматары актыўнага адпачынку гуляюць у валейбол, футбол, баскетбол ці настольны тэніс. Тыя, хто аддае перавагу больш спакойнаму адпачынку, спаборнічаюць паміж сабой у турнірах па шахматах, шашках або проста бавяць час у бібліятэцы.

Асаблівую захопленасць ва ўсіх, без выключэння, рабят выклікаюць традыцыйныя конкурс “Міс чэрвень”, пазнавальна-гульнёвая праграма “Каханне з першага погляду”, свята “Будзем сябраваць” і шмат іншых.

Паколькі паблізу няма вадаёма, дзе рабятам так хочацца паплёскацца ў спякотнае надвор’е, арганізоўваем паездкі у басейн, што ў ФАКу “Друць”.

Прыемна адзначыць, што кожны год матэрыяльна-тэхнічная база лагера падмацоўваецца, дзякуючы дапамозе раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Вось і сёлета рабятам падарылі футбольныя, баскетбольныя і валейбольныя мячы, скакалкі, набор для бадмінтона, гімнастычныя абручы…

Баскетбол

Значную ўвагу таксама надаём арганізацыі бяспечнай занятасці і выхаваўча-прафілактычнай рабоце з падлеткамі, — дадае Наталля Барысаўна. – Са 122 дзяцей, якія сёлета пройдуць аздараўленне ў нашым лагеры, 10 з’яўляюцца падуліковымі.

Усяго на працягу летніх канікулаў у раёне арганізавана работа 14 аздараўленчых лагераў, у якіх пройдуць аздараўленне 655 дзяцей і падлеткаў.

Вольга НАБОКАВА.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *