Народна-масавае гулянне з выпадку Святой Троіцы – адбылося ў нядзелю ў вёсцы Карытніца

На адмысловай пляцоўцы насупраць магазіна, абкружанай дрэўцамі маладых бяроз і ўпрыгожанай палявымі кветкамі і ручнікамі, сабралася каля сотні мясцовых, а таксама жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў.

Госці свята актыўна прымалі ўдзел у гульнях, абрадзе кумлення, варажбе на лёс, пячэнні традыцыйнага троіцкага пачастунку — яечні, вадзілі карагоды, слухалі і самі спявалі абрадавыя песні. А святочную праграму для іх ладзілі ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Рэчанька” Машчаніцкага сельскага клуба пад кіраўніцтвам Святланы БУЙМІСТРАВАЙ.

У падрыхтоўцы сцэнічнай пляцоўкі дапамаглі работнікі Асавецкага лясніцтва, а спонсарам свята выступіла кіраўніцтва ААТ “Новая Друць”.

— Вялікі дзякуй артыстам за падораныя эмоцыі і добры настрой, — падзялілася ўражаннямі магіляўчанка Валянціна ГЕМСКАЯ. — Прыемна было ўдзельнічаць у конкурсах, гульнях і абрадах, тым самым далучыўшыся да традыцый нашых продкаў.

— Вельмі прыгожа і весела! Старыя сёння памадзелі! — радавалася святу жыхарка Карытніцы Раіса БУРАЯ. — Хацелася, каб не забываліся на аддаленыя вёскі і часцей праводзілі ў нас падобныя святы.

IMG_7461 IMG_7448 IMG_7439 IMG_7429 IMG_7340 IMG_7242 IMG_7233 IMG_7230

Вольга НАБОКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *