Незагойныя сляды вайны

75 гадоў таму ў такі ж чэрвеньскі дзень на Беларусь, у Савецкі Саюз прыйшла бяда: фашысты развязалі вайну, якая завяршыцца бліскучай Перамогай савецкага народа 9 мая 1945 года.

Мужнасцю і геройствам здабылі сабе славу воіны і камандзіры Чырвонай Арміі, баронячы ад фашысцкіх полчышчаў беларускія гарады і вёскі.

5 ліпеня 1941 года, абараняючы Бялынічы, каля вёскі Восліўка здзейсніў свой неўміручы подзвіг камандзір артылерыйскага дывізіёна капітан Барыс ХІГРЫН, за што яму было прысвоена пасмяротна званне Герой Савецкага Саюза.

Напрацягу 23 сутак, з 4 па 26 ліпеня 1941 года, воіны Чырвонай Арміі і народныя апалчэнцы, сцякаючы крывёю, адбівалі шматлікія варожыя атакі на Магілёў. Асабліва цяжкі бой адбыўся на Буйніцкім полі, дзе фашысты страцілі 39 танкаў, сотні салдат і афіцэраў. Немцы былі адкінуты ад горада на 15 кіламетраў. Аднак пад ціскам пераўзыходзячых сіл фашыстаў чырвонаармейцы вымушаныя былі адступіць і да канца 27 ліпеня Магілёў аказаўся часова акупаваны: на 1068 дзён і начэй.

Магілёўцы не скарыліся ворагу. Яны да канца 1941 года арганізавалі 40 падпольных патрыятычных груп супраціўлення фашыстам, многія і многія жыхары абласнога цэнтра сталі партызанамі.

Для людзей майго пакалення Вялікая Айчынная вайна прайшлася па нашым дзіцячым узросце. У пачатку яе мне пайшоў пяты год, і я помню толькі асобныя жахлівыя эпізоды жыцця пад прыгнётам акупантаў. Сярод іх і спроба фашыстаў спаліць разам з жыхарамі наш пасёлак Ясная Паляна. Перашкодзілі гэтай трагедыі народныя мсціўцы.

Выдатна помню і вызваленне Яснай Паляны ў чэрвені 1944 года. Стаю каля зямлянкі за гародам, дзе хаваліся ў час налётаў фашысцкай авіяцыі, і бачу савецкіх аўтаматчыкаў, якія беглі па полю ў бок Галоўчына. Можа, гэта былі байцы стралковай роты старшага лейтэнанта Сяргея ЦЕРАШКЕВІЧА? Нагадаю, што Сяргей Рыгоравіч у адным з баёў за вызваленне Галоўчына са звязкай гранат кінуўся пад фашысцкі танк. За гэты подзвіг яму, ураджэнцу Прыморскага краю, было прысвоена пасмяротна званне Герой Савецкага Саюза.

На ўсё жыццё дзіцячая памяць зберагла і эпізод прывалу ў Яснай Паляне нашага танкавага падраздзялення. Да драбніц помню твар вясёлага танкіста, які падкідваў мяне ўгору. Ці дажыў гэты воін да дня Перамогі? Не ведаю…

Помню, як вярталіся з вайны мае бацька і дзядзька Пётр, аднавяскоўцы. Толькі праз сорак гадоў пасля Перамогі даведаўся, што мой аднавясковец Аркадзь НАКАЎ быў удастоены трох медалёў “За адвагу”. Гэта я аб прыроджанай сціпласці нашых франтавікоў.

У дзяцінстве мне здавалася, што большасць яснапалянцаў і ількаўчан вярнуліся з вайны дамоў. Пазней даведаўся, што, напрыклад, з 80 ураджэнцаў Ількавічаў на вайне загінулі 67. Сярод іх чатыры браты АКУНЁВЫ: Васіль, Герасім, Ягор, Іван; тры браты БАРАНАВЫ: Васіль, Пракоп і Фёдар; Іван, Рыгор (брат майго бацькі, якога аднавяскоўцы апошні раз бачылі ў 1944 годзе ў Аўстрыі), Сяргей ПАДАШЭЎКІ.

Пра Вялікую Айчынную вайну напісана многа. Аднак гора людское, нянавісць да ворага настолькі вялікія, што ў кожным сэрцы навечна засталіся незагойныя гадамі яе сляды.

Віктар ПАДАШЭЎКА,

кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *