Для сапраўднай сілы няма перашкод

Усе супрацоўнікі ФАКу “Друць” ведаюць гэтага камунікабельнага і жыццярадаснага маладога чалавека.

Нягледзячы ні на якія перашкоды, ён тры разы на тыдзень прыязджае ў спартыўны комплекс на трэніроўкі.

У дзяцінстве ў выніку няшчаснага выпадку Аляксей ХАДОРКІН страціў абедзве нагі. Але ён не здаўся і знайшоў тую справу, якой хацеў бы прысвяціць усё сваё жыццё.

Малады хлопец толькі тры гады займаецца спортам. Пад кіраўніцтвам інструктара-метадыста ФАКу “Друць” Рамана ЮШКЕВІЧА зараз спартсмен-вазочнік старанна рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім адкрытым чэмпіянаце па армрэслінгу і паўэрліфтынгу сярод інвалідаў з парушэннем апорнарухальнага апарата.

алексей

— Займаюся па тры гадзіны: спачатку ў трэнажорнай зале, а потым спускаюся ў басейн, — гаворыць Аляксей. – Штанга, брусы, перакладзіна – усё, каб развіць неабходную для спартыўных перамог трываласць і моц.

У панядзелак, сераду і суботу Аляксей Хадоркін на рэйсавым аўтобусе прыязджае з Вялікай Машчаніцы ў Бялынічы. Дзесьці з два месяцы ён наведвае спартыўны комплекс “Друць”, а раней трэніраваўся ў Магілёве і Мінску.

— Каб распрацаваць праграму, якая падыходзіць Аляксею, чытаў шмат літаратуры, прымяняў і свае веды, — кажа Раман Юшкевіч. — Хутка знайшлі агульную мову, падладзіліся адзін пад аднаго. Канечне, імкнемся дасягнуць высокіх вынікаў, тым больш, што прагрэс відавочны.

Аляксей Хадоркін — сапраўдны ўніверсал. Ён займаўся і зімовымі відамі спорту, і лёгкай атлетыкай. Аднак больш за ўсё спарстмену-вазочніку падабаецца акадэмічнае веславанне.

— Працяглы час практыкаваўся на Магілёўскай вяслярнай базе, — адзначае малады чалавек. — І менавіта з гэтым відам спорту хацеў бы звязаць сваё далейшае жыццё.

На пытанне: “Колькі медалёў за гэтыя тры гады заваяваў?” — Аляксей сціпла ўсміхаецца:

— Не ведаю дакладна. Не лічыў…

— Тры разы перамагаў на спаборніцтвах па армрэслінгу! — зноў далучаецца да размовы Раман Юшкевіч. — Пад час трэніровак да Аляксея часта падыходзяць наведвальнікі ФАКу, каб паціснуць яму руку і выказаць сваё захапленне.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *