Да раённых “Дажынак-2016” рыхтуюцца Свяцілавічы

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжаны 25 пытанняў, унесеных у парадак дня яго правядзення. У тым ліку “Аб гатоўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборкі ўраджаю 2016 года”, “Аб выкананні раённай праграмы “Малако” ў летне-пашавы перыяд і ўзнаўленні БРЖ у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна”, “Аб вызначэнні ў Бялыніцкім раёне месц, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў” (гэта рашэнне надрукавана ў “Зары над Друццю” ў № 48 за 22 чэрвеня бягучага года), “Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду”, “Аб уключэнні грамадзян у спіс на атрыманне льготных крэдытаў для газіфікацыі жыллёвага фонду, што эксплуатуецца”, “Аб зацвярджэнні вынікаў кадастравай ацэнкі зямель, зямельных участкаў г.п. Бялынічы і Бялыніцкага раёна”, “Аб пастаноўцы на ўлік пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі” і інш.

Дакладчык па першым пытанні парадку дня пасяджэння райвыканкама, “Аб гатоўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборкі ўраджаю 2016 года”, начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Алег ЗАЛУЦКІ звярнуў увагу на тое, што праца па падрыхтоўцы зернеўборачных камбайнаў, зернесушыльных гаспадарак, машын па ўборцы саломы і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі ў большасці гаспадарак праводзіцца не на патрэбным узроўні. Нізкія тэмпы, для прыкладу, рамонту зернеўборачных камбайнаў паказваюць у ААТ “Аграсэрвіс”, “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, “Бялынічы”. З другога боку, хоць сёння гатовы вывесці ўборачныя камбайны на жытнёвыя палеткі хлебаробы СВК “Калгас “Радзіма”.

Сёлета, па інфармацыі Алега Залуцкага, у гаспадарках Бялыніччыны неабходна ўбраць 16910 гектараў зерневых і зернебабовых культур, 1291 га рапсу, 644 га насеннікаў шматгадовых траў і 300 гектараў ільну-даўгунца.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна маюць у сваім распараджэнні 61 збожжаўборачны камбайн. Як вынікае, рабочая нагрузка ўборачнай плошчы на адзін камбайн складзе 309 гектараў. Пры гэтым самая нізкая – у ААТ “Падзевічы” (169 гектараў), самая высокая – у ААТ “Новая Друць” (524 гектары). Зыходзячы з сярэднядзённай вытворчай магутнасці аднаго камбайна, якая складае прыкладна 12 гектараў, пры спрыяльных кліматычных умовах уборка зерневых будзе прадаўжацца 23 дні, рапсу – 4 дні і насеннікаў шматгадовых траў – 6 рабочых дзён.

Падрабязна спыніўся дакладчык і на сітуацыі з падрыхтаванасцю вагавай гаспадаркі, складскіх памяшканняў. Усе 17 зернесушыльных комплексаў і дзве перасоўныя зернесушылкі знаходзяцца ў спраўным стане. Патрабуецца толькі ўстанавіць электрарухавікі, што былі знятыя на захаванне, і правесці рэгуліроўкі абсталявання.

Па выніках абмеркавання інфармацыі начальніка аддзела раслінаводства райсельгасхарчу райвыканкам даручыў кіраўнікам сельгасарганізацый укамплектаваць камбайнавыя экіпажы, звенні зернесушыльных агрэгатаў вопытнымі механізатарскімі кадрамі; распрацаваць аплату працы, умовы спаборніцтва, меры матэрыяльнага і маральнага заахвочвання ўдзельнікаў жніва, да пачатку ўборачных работ давёўшы ім на сходах усю неабходную інфармацыю; арганізаваць на перыяд уборкі ўраджаю гарачае харчаванне і бытавое абслугоўванне работнікаў, занятых працай у полі і на зернетаках. Вызначаны таксама і шэфскія прадпрыемствы, якія на ўвесь перыяд уборачных работ накіруюць па заяўках гаспадарак у свае падшэфныя арганізацыі, як гэта, да слова сказаць, практыкавалася і ў мінулыя гады, неабходную тэхніку і работнікаў.

Адзін з пунктаў прынятага рашэння даручыў кіраўніцтву райсельгасхарчу і дырэкцыі ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” арганізаваць падрыхтоўку і правядзенне раённага свята “Дажынкі-2016” у аграгарадку Свяцілавічы.

У мэтах аператыўнага вырашэння пытанняў, звязаных з правядзеннем уборкі ўраджаю 2016 года, створаны раённы штаб, які ўзначаліў старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *