За пустазелле каля падворка — штраф

У выніку праверкі санітарнага стану вуліцы Цэнтральная вёскі Заполле галоўны ўрач райЦГіЭ Алена ДАМАРАЦКАЯ аформіла 16 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў правілаў добраўпарадкавання. Акрамя таго, быў складзены адзін адміністрацыйны пратакол.

Кожны гаспадар ведае, што санітарны стан прыдомавай тэрыторыі патрабуе пастаяннай увагі. Але, як паказала праверка, далёка не ўсе ставяцца да гэтага належным чынам.

Менавіта вуліца Цэнтральная першая сустракае наведвальнікаў населенага пункта — цэнтра сельсавета. А таму ў дзень рэйду ўвага Алены Дамарацкай была сканцэнтравана на ёй. Уражанне, якое вуліца зрабіла на галоўнага санітарнага ўрача раёна, нельга назваць выдатным. Амаль кожны домаўладальнік атрымаў прадпісанне — і ўсе за бурную расліннасць каля ўласных падворкаў.

Мясцовая жыхарка Надзея АЛЬШЭЎСКАЯ запрасіла карэспандэнта прайсці ў яе сядзібу. Акуратна падстрыжаная травічка радуе вока, нідзе няма смецця, і па ўсім бачна, што гаспадыня адказна ставіцца да забеспячэння санітарнага стану сваёй тэрыторыі. Узнікае пытанне: навошта пакінулі траву перад агароджай?

IMG_5414

— Думала, што сельсавет скосіць, — разгублена адказала пенсіянерка. – Пашкадавала зяця, калі той прыехаў дапамагчы. Ну нічога, зноў прыедзе — папрашу і гэты кавалачак пакасіць. Справы на 10 хвілін!

Такую свядомасць прыемна бачыць. Аднак на ўсялякі выпадак жанчыне ўручылі прадпісанне, у якім дакладна абазначылі, што трэба зрабіць і ў які тэрмін.

На жаль, такой свядомасці не праявілі некаторыя іншыя жыхары вуліцы. Спасылаючыся на сталы ўзрост, адсутнасць агарода і іншыя адгаворкі, спрабавалі перакласці свае абавязкі па добраўпарадкаванні ўласных прысядзібных тэрыторый на сельсавет. Вось толькі на тэрыторыі яго знаходзіцца 28 населеных пунктаў, і крыху цяжкавата было б старшыні разам з кіраўніком справамі рабіць за гаспадароў іх работу. У Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў дакладна прапісаны абавязкі домаўладальнікаў, у тым ліку і неабходнасць скошвання пустазелля.

Пераканаўся ў гэтым і мясцовы жыхар Аляксандр КУЖАЛЁЎ, які паспрабаваў уступіць у дыскусію з галоўным санурачом раёна, аднак хутка зразумеў, што спрэчку прайграе, і адправіўся да Надзеі Альшэўскай – дапамагчы касіць.

IMG_5439

Завітала Алена Дамарацкая і да Кацярыны ІГНАТОВІЧ: за агароджай яе домаўладання віднеліся дагледжаныя рады культурных раслін, аднак па гэты бок бянтэжыла пустазелле. Пенсіянерка ўважліва выслухала прэтэнзіі і патлумачыла, што пашкадавала секчы чыстацел, які расце ўздоўж агароджы. Аднак прадпісанне паабяцала выканаць.

Гутарка аб тым, што лепей пакасіць траву, чым атрымаць штраф, спатрэбілася і Надзеі ШМАРЛОЎСКАЙ, пасля чаго і гэта жанчына атрымала прадпісанне.

У той дзень без пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні абысціся не ўдалося. Каля аднаго з пустуючых дамоў Алена Ігараўна заўважыла зараснікі пустазелля, якія дасягалі амаль да вокнаў. Звярнулася з пытаннем да старшыні Запольскага сельсавета Марыі ЛІСТАПАДАВАЙ, якая пацвердзіла, што дом нежылы, аднак гаспадара, а дакладней гаспадыню, мае. Завіталі да яе.

Пра жыллё жанчыны нічога дрэннага сказаць нельга: акуратная, прыемная воку, дагледжаная прыдомавая тэрыторыя быццам запрашала ў госці. Пытанне, чаму б не паклапаціцца такім жа чынам і пра другі свой будынак, гаспадыня ўспрыняла нервова. Аказалася, што гэта ўжо не першая заўвага на гэты конт. Галоўнаму ўрачу райЦГіЭ нічога іншага не заставалася, як аформіць адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў добраўпарадкавання.

Падобныя меры непрыемныя для абодвух бакоў. Мабыць, лепш загадзя паклапаціцца аб чысціні каля дома і захаваць грошы і нервовыя клеткі.

Алена Дамарацкая пракаментавала вынікі рэйду:

— Праверка паказала на неабходнасць правядзення тлумачальнай працы сярод насельніцтва адносна таго, што кожны домаўладальнік павінен сам паклапаціцца пра санітарны стан сваіх прыдомавых тэрыторый.

Анастасія МАКЕЕВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *