29 чэрвеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Бялынічы ад нямецка-фашысцкіх акупантаў

На досвітку 23 чэрвеня 1944 года пачалася наступальная аперацыя Чырвонай Арміі па вызваленні Беларусі пад кодавай назвай “Баграціён”. На Магілёўскім накірунку наступалі войскі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала Г.Ф. Захарава. Галоўны ўдар наносіла 49-я армія генерал-лейтэнанта І.Ц. Грышына.

У ходзе актыўнага наступлення 27 чэрвеня 49-я армія ўсімі сіламі дывізій першага эшалона фарсіравала раку Днепр і прадоўжыла пераслед адыходзячага праціўніка на сваім правым флангу і ў цэнтры.

У 17 гадзін дня часткі 42-й Смаленскай стралковай дывізіі выйшлі на рубяжы нашага раёна: 44-ы стралковы полк авалодаў пасёлкамі Высокае і Мікалаеўка, а 455-ы – вёскай Галоўчын. У баях за гэтую вёску здзейсніў подзвіг камандзір стралковай роты 459-га стралковага палка старшы лейтэнант Сяргей Церашкевіч, які кінуўся пад варожы танк са звязкай гранат. Байцы, натхнёныя ўчынкам свайго камандзіра, узняліся ў атаку і выбілі фашыстаў з населенага пункта. За гэты подзвіг С. Церашкевічу было пасмяротна прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.

На наступны дзень савецкія салдаты вялі цяжкія баі за ўтрыманне заваяванага плацдарма. Раніцай 29 чэрвеня 42-я дывізія аднавіла наступленне і да 10 гадзін выйшла на ўсходні бераг ракі Друць, вызваліўшы Бялынічы.

30 чэрвеня часці Чырвонай Арміі вялі наступленне ў напрамках вёсак Каліноўка, Сямікаўка, Пільшычы, Смагілаўка і інш.

У вызваленне раёна зрабілі значны ўнёсак партызанскія атрады і палкі Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы. 30 чэрвеня 1944 года яны выйшлі ў поўным складзе з тылу праціўніка і злучыліся з часцямі 139-й і 238-й Карачаеўскай стралковых дывізій недалёка ад вёскі Белы Лог.

Так 72 гады таму пасля трох доўгіх і страшных гадоў нямецка-фашысцкай акупацыі савецкія салдаты прынеслі жыхарам раёна доўгачаканае вызваленне. І мы, і ўсе будучыя пакаленні бялынічан будзем помніць пра гэта і свята шанаваць памяць аб загінулых у кровапралітных баях за свабоду і незалежнасць Айчыны і нашай роднай Бялыніччыны.

Падрыхтаваў Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *