І расцвілі прыкасцёльныя бярозы

У 1990-я гады, можна сказаць, зусім выпадкова даведаўся, што, акрамя вядомага кармеліцкага, Свяцілавіцкага, Галоўчынскага, на Бялыніччыне дзейнічаў яшчэ адзін касцёл, які знаходзіўся ў вёсцы Мяжонка.

Падчас наведання гэтага паселішча быў уражаны тым, што бажніца стаяла далекавата ад сучаснай вёскі, дзесьці больш за два кіламетры ад канцавой яе хаты. Тадышнія мясцовыя старажылы патлумачылі, што да 1930-х гадоў наўкола знаходзіліся хутарскія гаспадаркі.

З гістарычнай літаратуры атрымаў інфармацыю, што напрыканцы ХІХ стагоддзя ў ваколіцы (тып сельскага паселішча, у якім сялілася звычайна шляхта дзеля падкрэслівання свайго станавога адрознення. Узніклі разам з засценкамі ў выніку валочнай рэформы: па правядзенні парцэляцыі вылучаных пад вёскі плошчаў асобныя зямельныя надзелы паміж межамі палеткаў здаваліся дробнай шляхце і служыламу люду), Мяжонка дзейнічаў ветраны млын, жорны якога дазвалялі за суткі перацерці ў муку да 40 пудоў збожжа.

Вулляна ІЎЧЫК, якая нарадзілася ў 1914 годзе, успомніла, што ў часы яе маладосці млынам валодаў мясцовы хутаранец Мамерт ШОСТАК.

Энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі” (Мн, 2008) інфармуе, што вёска Мяжонка Т-падобнай планіроўкі заснавана ў 1920-я гады перасяленцамі з суседніх паселішчаў, што ў ёй меўся паравы млын.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Мяжонцы была 41 сядзіба са 129 жыхарамі.

Гісторыя з геаграфіяй: праз смугу стагоддзяў

З пачатку свайго заснавання ўсялякае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне любой краіны мае свае межы, аберагае іх. Было гэтак і ў даўнія, пракаветныя, часы, хоць мяжы з суседзямі ў сучасным разуменні гэтага тэрміна з адпаведнай інфраструктурай тады не існавала.

Для абазначэння граніц валоданняў, на асобных участках якіх маглі знаходзіцца памежныя заставы, крэпасці, спачатку выкарыстоўвалася слова “мяжа”, пазней – “рубеж”. І па сёння на карце Беларусі мы знаходзім шмат паселішчаў кшталту Мяжа, Мяжонка, Міжэвічы, Рубеж, Рубяжэвічы і да іх падобныя. На тэрыторыі нашага раёна вёскі Мяжонка і Рубеж знаходзяцца ў складзе Запольскага сельсавета, Кардон – у Ланькаўскім. Да 1975 года існавалі яшчэ паселішчы Рубеж – у Галоўчынскім і Межанец – у Лебядзянкаўскім сельсаветах.

Як правіла, пры вызначэнні і абазначэнні меж выкарыстоўваліся натуральныя прыродныя рубяжы: рэкі, балоты, азёры. Яны падзялялі тэрыторыю на часткі, уяўлялі сабой значную перашкоду на шляху руху варожага войска. Па сведчанні гісторыі, межы па водных аб’ектах, асабліва па рэках, былі найбольш устойлівымі і нязменнымі цягам доўгага часу.

Самы вялікі балотны масіў на Магілеўшчыне знаходзіцца паміж рэчкамі Друць на ўсходзе і Ольса на захадзе. На сучасных картах ён абазначана непадзельнымі верхавымі, ці сфагнавымі, і пераходнымі балотамі Вялікае і Дулебскае. Дзякуючы сваёй цяжкадаступнасці яны з’яўляюцца месцамі высокай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак, капытнай жывёлы. У 1998 годзе балоты ўвайшлі ў гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Астравы Дулебы” і агульная плошча іх складае чвэрць ад 2,9 тысячы гектараў заказніка. Да 1993 года гэта тэрыторыя выкарыстоўвалася ў якасці ваеннага бамбардзіровачнага палігона “Дубна” для марской авіяцыі СССР далёкага дзеяння.

На балотах шмат гэтак званых “вокнаў”, узвышаных астравоў лесу, азёр, невялікіх рачулак, мясцовыя жыхары ведаюць, дзе праходзіць Чортава грэбля, змрочныя ўрочышчы Казёл, Грашавы.

Адно з паданняў гаворыць, што верхняй, паўночнай мяжой гэтага нібыта д’ябальскага балота з’яўляецца вёска Мяжонка, а за ёй, гэтай міфалагічнай мяжой, стаяць паселішчы са светлымі, прыгожымі назвамі – Ягадка, Пчалінск, Журавок, Дулебы, Ігліца, Прыборкі…

Мяжонка раней знаходзілася на мяжы Ігуменскага павета Мінскай губерні – да 1927 года сама ўваходзіла ў яго склад. Яна і сёння размяжоўвае Магілёўскую і Мінскую вобласці, а таксама і тры раёны: Бялыніцкі, Клічаўскі, Бярэзінскі. Таму кажуць, што нават касмічны навігатар часам дае тут збоі, блытаючыся ў дакладнасці арыентацыі. Яно і не дзіўна: крок-другі зробіш, і ўжо знаходзішся на тэрыторыі іншага раёна ці вобласці.

Юркаў брод

(Паданне)

На поўдзень ад вёскі Мяжонка раскінулася велізарнейшае балота. У старыя, яшчэ паганскія, часы на месцы яго знаходзіліся зялёныя лугі, ураджайныя пашы, бяскрайнія лясы, палі. І стаяла тут вёска Бросневічы, у якой жылі добрыя, працавітыя людзі. І быў сярод іх адзін хлопец. Юркам яго звалі.

Каля самае вёскі працякала невялікая рачулка. Задумалі аднойчы чэрці запрудзіць рэчку, павярнуць яе плынь з поўдня на поўнач, каб усю гэту прыгожую, квяцістую зямлю ператварыць у гнілое, смярдзючае балота і ладзіць потым у багнявішчы свае чартоўскія шабашы ды ігрышчы.

Нацягалі яны камення, дрэў панаварочвалі – стварылі-такі запруду і назвалі яе Чортавай грэбляй. І стала рэчка разлівацца па лясах, палях, агародах, пачалі забалочвацца палі ды сенажаці.

Бачаць людзі – дрэнна будзе, калі не даць рады гэтай навале. Думалі яны, думалі… І нарэшце Юрка прыдумаў. Ён прапанаваў аднавяскоўцам выкапаць глыбокае возера, каб уся вада збеглася туды.

Уся прырода пачала дапамагаць людзям: звяры капалі зямлю, а птушкі ў дзюбах адносілі яе далей ад яміны. Значна пазней на тым высокім месцы, куды зносілася зямля, вырас лес, які потым назвалі Высокі бор.

Праз некалькі гадоў цяжкай працы возера было выкапана, яно, як і казаў Юрка, запоўнілася вадой. Лішак яе адводзіўся па канаве, выкапанай у абыход Чортавай грэблі да старога рэчышча. З цягам часу канава паглыбілася, пашырылася ў берагах і ператварылася ў сапраўдную раку.

І зноў людзям стала добра. Балота больш не наступала, заквітнелі сады, зазелянелі лугі, ураджай на агародах пачаў вырастаць яшчэ лепшы за ранейшы.

Але не хацелі мірыцца з гэтым і чэрці – змарнавалася іх праца: людзі жывуць шчасліва і ў дастатку. Раззлавалася нячыстая сіла і надумалася звесці са свету Юрку. А за ім і ўсіх вяскоўцаў.

Аднойчы, калі юнак гуляў каля рэчкі са сваёй каханай, чэрці знянацку накінуліся на яго. Юрка быў хлопцам не слабым. Магчыма, ён і адужаў бы нечысць, але ж надта шмат яе было. Спаўзлася адусюль.

Ратуючы каханую, Юрка загінуў. Укінулі чэрці яго цела ў рачулку, завалілі ламаччам, а зверху яшчэ і цяжкімі дрэвамі прыціснулі.

Дзяўчына паспела дабегчы да возера, ды ад гора і страху, бо пасля расправы над Юркам нячысцікі кінуліся ўслед за ёй, скокнула ў ваду і ўтапілася.

І адразу ж возера стала сінім-сінім, як напоўненыя слязамі блакітныя вочы дзяўчыны.

З таго часу і завецца месца, дзе загінуў хлопец, Юркавым бродам, а возера паміж вёскамі Мяжонка і Дулебы – Блакітным. А вось ад Чортавай грэблі і знаку не засталося. Захавалася ў памяці людзей толькі адна назва.

Жыццё пражыта, не адно поле пяройдзена

мяжо

Зараз самай старэйшай жыхаркай Мяжонкі з’яўляецца 88-гадовая Лідзія Ерамееўна ЦЭДРЫК.

Бабулю Лідзію, пагутарыць з якой аўтару гэтых радкоў пару тыдняў таму парэкамендаваў былы старшыня Запольскага сельсавета Яўген РАДОЎСКІ, ні ў яе хаце, ні на падворку не застаў.

За сядзібай, у нізінцы, грукатаў маніпулятар, складваючы ў штабелі паабапал палявой дарогі прывезенае з лесу дрэва.

– Ерамееўну шукаеце? – мужчына, які нёс на плячах з агарода добры ахапак пахкага сена, знянацку запытаўся і няспешна знік у глыбіні двара.

Неўзабаве ён выйшаў на вуліцу. Распытаўся, хто я, адкуль і для чаго прыехаў да яго старой маці.

– Не сядзіцца ёй у хаце! Вунь, каля трактара з лесам калупаецца. З самае раніцы і каторы дзень. Бачыце з-за травы белую хустку? Гэта яна. Растопу для печы і грубкі на зіму назапашвае.

Адразу заўважыў, што Лідзія Ерамееўна абрадвалася новаму чалавеку. Кінула збіраць “бліны” бярозавай кары, злупленай з дрэў пры іх разгрузцы металічнымі зубцамі маніпулятара, і на кавёлах паспяшалася насустрач журналісту.

– Пагаворым тут ці ў хату пойдзем?

Перш чым адшукалі цянёк, Лідзія Ерамееўна пахвалілася асабіста нарыхтаваным на зіму запасам растопы. У дашчатым драўніку бярозавая кара і дровы займалі дзве сцяны. Яшчэ з сотню “бліноў” сушыліся на сонцы перад драўніком.

– Са смалячкамі праблема, – патлумачыла бабуля. – А сухая бярозавая кара дужа лёгка загараецца.

Пацікавіўся: адкуль у яе, старой і хворай на ногі, бяруцца сілы, каб працаваць?

– Змалку ўцягнулася ў цяжкую працу, – адказала яна. – Сама будавала вось тую сваю хату, рабіла на ферме. Усё жыццё працавала. І цяпер не магу сядзець без справы. Хоць трэсачку, ды падбяру, у двор прынясу.

З далейшай гутаркі даведаўся, што Лідзія Ерамееўна нарадзілася ў вёсцы Бросневічы ў 1928 годзе. У пачатку 1930-х гадоў, калі ствараўся палігон “Дубна”, броснеўцаў, як і жыхароў шэрагу іншых навакольных паселішчаў, што апынуліся ў небяспечнай зоне бомбакідання, перасялілі.

– Рассялілі нас па шляхецкіх хатах, па навакольных хутарах, – успамінае Лідзія Цэдрык. – Іх высылалі, хто сам уцёк, а нас пасялілі. Помню, што ім сваё багацце ўзяць не дазволілі. На сядзібу ці хутар выдзялялася толькі адна падвода. Што пакладзеш на яе са свайго ж набытку, з тым і ад’язджай. З высылкі пазней ужо вярнуліся ў Мяжонку толькі два чалавекі.

Лідзія Ерамееўна задумалася. Мабыць, пражытае і перажытае вельмі блізка падступілася зараз да яе вачэй і сэрца.

А мне прыгадалася, што па няпоўных звестках, у сумнавядомыя трыццатыя гады ахвярамі беспадстаўных рэпрэсій сталі 24 мяжонкаўцы, з якіх дзесяць былі арыштаваны толькі ў 1930-м годзе. Да слова сказаць, усе яны значна пазней былі рэабілітаваныя. Шэсць з 24 нешчасліўцаў былі прыгавораны да “вышэйшай меры сацыяльнай абароны” – расстрэлу, дзевяць высланы на Поўнач і ў Сібір, астатнія апынуліся ў турме на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў зняволення. Самым старэйшым па ўзросце пад час арышту ў 1930 годзе быў высланы на Поўнач 66-гадовы аднаасобнік Аркадзь КАРЧЭЎСКІ. Самаму малодшаму, Генрыху БУРЫМСКАМУ, толькі мінула дваццаць два гады.

Звернемся зноў да ўспамінаў Вулляны Іўчык. Жанчына прыгадвала, што да пачатку калектывізацыі зямлі хапала ўсім мяжонкаўцам. І тыя выдатна на ёй гаспадарылі: многія сем’і трымалі па некалькі коней і кароў, не кажучы ўжо пра драбнейшую жыўнасць.

“Пятрок ПЕТРАШКЕВІЧ, – чытаю ў запісе ўспамінаў Вулляны Піліпаўны, занатаваных у сакавіку 1997 года, – праслужыўшы 25 гадоў у царскай кавалерыі, вярнуўся пасля рэвалюцыі дамоў і неўзабаве праславіўся як выдатнейшы пчаляр. Развёў вялікі сад, пасека налічвала каля сотні калод пчол. Яго бацька трымаў 12 кароў, меў 6 коней, кучу свіней.

Юзэфа РАПЧЫНСКАЯ з сынамі Аляксеем, Стасем і Юзікам жыла на хутары, у гаспадарцы трымала восем рабочых коней, двух племянных жарабцоў па клічках Маскаль і Мішка. Неўзабаве коней рэквізавалі на патрэбы Чырвонай Арміі, а гаспадыню абклалі цвёрдым падаткам. Недзе праз чатыры месяцы жарабок Мішка “дэзерціраваў” з войска і прыбег на свой хутар.

У 1929 годзе ў Мяжонцы стварылася калектыўная арцель “Домбаль”, якая ў наступным годзе была перайменавана ў калгас імя С. Арджанікідзе. Тых, хто жадаў працаваць аднаасобна, высылалі – па адзіночцы (гаспадара) і цэлымі сем’ямі. Такі лёс напаткаў хутаранку Юзэфу Рапчынскую з сынамі, братоў Шостакаў – Мамерта, Паўлюка і іхнюю сястрыцу Халстынку, Уладзіслава САРОКУ з братамі Янам і Антосем, Аркадзя, Фэльку і Вільгуту КАРЧЭЎСКІХ, Апалінарыя ВІТКОЎСКАГА. Матэвуша Петрашкевіча выслалі ў чужы свет за жончын язык: яна аднойчы дрэнна выказалася пра мясцовы калгас.

Вельмі шкадавалі ў вёсцы братоў УМЕЦКІХ – Сыльку, Ваціка і Людвіка. Яны ўступілі ў калгас. За дзень скошвалі па гектару лугу. Дамоў пасля арышту браты не вярнуліся. Чула, што іх па нечым злосным паклёпе ў адзін дзень, 8 кастрычніка 1937 года, расстралялі ў Магілёве.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

(Працяг будзе)

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *