24 чэрвеня ў Бялынічах сустракалі ўдзельнікаў міжнароднага аўтапрабегу “Кіславодск-Брэст”

Ініцыятарамі патрыятычнай акцыі, прымеркаванай да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, выступілі ветэранскія воінскія арганізацыі расійскага горада Кіславодск. Як расказаў кіраўнік аўтапрабегу Сяргей МЕРЗЯЛІКІН, прыняць удзел у ім выказалі жаданне 26 чалавек – 18 кіславодскіх школьнікаў, сяброў ваенна-патрыятычнага клуба “Цэнтур”, і суправаджаючыя іх ветэраны Узброеных Сіл, удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане.

возлож

Маршрут аўтапрабегу складаўся з некалькіх этапаў, на кожным з якіх падарожнікі наведалі мясціны баявой славы і мемарыяльныя комплексы, прысвечаныя Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У Беларусі пунктамі прыпынку расіян сталі гарады Віцебск, Мінск, Брэст, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. 22 чэрвеня яны прынялі ўдзел у памятных мерапрыемствах, прымеркаваных да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якія прайшлі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.

На зваротным шляху дамоў аўтобус з удзельнікамі аўтапрабегу завітаў у наш раён. Бялынічане далучыліся да патрыятычнай акцыі і аказалі гасцям сардэчны прыём. Яны правялі ў Ліпавым гаі сумесны мітынг, на якім з прывітальным словам да гасцей звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА, і ўсклалі кветкі да брацкай магілы.

– Мы адправіліся ў аўтапрабег, каб аддаць даніну памяці савецкім салдатам, якія ваявалі і гінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, – сказаў у адказ Сяргей Мерзялікін. – Прычым, на Каўказе з фашыстамі змагаліся беларусы, а ў Беларусі – прадстаўнікі каўказскіх народаў. Адзін з іх, сын карачаеўскага народа, Герой Савецкага Саюза Асман Касаеў загінуў на бялыніцкай зямлі. Мы бязмежна ўдзячныя бялынічанам за тое, што яны з годнасцю шануюць памяць пра Асмана Мусаевіча. Вельмі важна, каб людзі па-ранейшаму заставаліся вернымі прынцыпам інтэрнацыяналізму, які яднае нашы народы.

Мы не ў першы раз у Беларусі і заўсёды знаходзімся пад уражаннем ад гасціннасці і спагадлівасці беларусаў, ад чысціні і прыгажосці вашых населеных пунктаў.

Супрацоўнікі МЦ “Ветразь” правялі для гасцей з Кіславодска азнаямляльную экскурсію па Бялыніччыне, пасля якой яны наведалі помнік Асману Касаеву, што знаходзіцца паблізу вёскі Вугольшчына. Адметна, што ў склад расійскай дэлегацыі ўваходзілі два землякі Асмана Касаева – Роберт БАГАТЫРОЎ і Даулет БАЙЧОРАЎ, якія прывезлі з яго радзімы, аула Хурзук, маладую елку. Гэта дрэва пасадзілі каля помніка Герою ў знак памяці і сяброўства.

Выканаўшы пачэсны абавязак, удзельнікі аўтапрабегу прадоўжылі свой насычаны маршрут.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *