І расцвілі прыкасцёльныя бярозы

(Заканчэнне. Пачатак у № 50 за 29 чэрвеня, http://www.zara.by/2016/06/30/i-rascvili-prykascyolnyya-byarozy/)

Пятрок Петрашкевіч, былы царскі кавалерыст, наадрэз адмовіўся запісвацца ў калгас. Як толькі чалавека не ўгаворвалі і не палохалі! Ад высылкі яго выратавала смерць. Пчолы яго сталі калгаснымі, але не дагледзелі – за зіму яны ўсе да адной прапалі”.

– Вось, – прадаўжае сваю гутарку Лідзія Цэдрык, – даўнейшае помніцца да драбніц, а што ўчора было – забылася. Дужа цяжка жылося нашай сям’і. Дзесяць дзяцей у бацькоў было! Есці няма чаго. Малодшыя, бяром торбы і жабраваць ідзём па хатах. А ў многіх у саміх, хоць шаром пакаці! Хто лустай хлеба падзеліцца, хто некалькі бульбін дасць, скавародніка на далонь адломіць… Павячэраем, чарвячка заморым. А назаўтра зноў торбы ў рукі і пайшлі па хатах…

Бабуля Лідзія з уласцівым ёй гумарам распавяла і пра сваё замуства. Мала замужам пабыла. Затое сына мае.

– Ведаеце, якія цяпер мужыкі пайшлі? Для многіх з іх бутэлька карацейшая і лягчэйшая за сякеру, – сумна рэзюмавала самы старэйшы жыхар Мяжонкі, на долю якога ў падлеткавым узросце прыпала яшчэ адно цяжкае выпрабаванне: перажыць голад, холад і жахі Вялікай Айчыннай вайны.

“На Цэнтральным фронце да 22.02.1944 года прадаўжалася зацішша, – чытаем у “Справаздачы 35-га партызанскага атрада за люты месяц 1944 года”, падпісанай камандзірам ПРАХАРЭНКАМ, камісарам САЛАМАЦІНЫМ, начальнікам штаба МАМОНАВЫМ. – Праціўнік выкарыстоўвае гэту перадышку для барацьбы з партызанамі. Блакіроўка, пачатая па сутнасці з 25.01.44, асабліва ўзмацнілася да 15.02.44. Праціўнік, сканцэнтраваўшы з суседніх гарнізонаў вакол лясоў да 62000 немцаў, французаў, здраднікаў і паліцаеў, узброеных, апроч аўтаматаў, гарматамі, мінамётамі, танкамі, бронемашынамі, заняў вёскі Цяхцін, Каліноўка, Сярмяжанка, Бахані, Заполле, Макаўка, Сямікаўка, Аксенькавічы, Падзевічы (…). Прасоўваючыся наперад, праціўнік спальваў цэлыя вёскі (Белы Лог, Асаўцы, Мяжонка, Барсукі, Заграшэўе) і асобныя дамы мірных жыхароў, захопліваў грамадзянскае насельніцтва ў нямецкае рабства, расстрэльваў часткова на месцы, гвалтаваў жанчын і дзяўчат, забіраў жывёлу… Іншымі словамі, ва ўсіх вёсках праціўнік займаўся поўным рабаўніцтвам”.

“Забярэ той, хто пакінуў”

мяж

А вось цяпер дайшла чарга і да Мяжонкаўскага касцёла, руіны падмурка якога можна пабачыць яшчэ і сёння.

Час пабудовы бажніцы, на жаль, не вядомы. Знаходзіўся ён на мясцовых каталіцкіх могілках, якім, зыходзячы з пахаванняў, больш за два стагоддзі. Перастаў касцёл дзейнічаць у 1935 годзе. Па ініцыятыве першых мяжонкаўскіх камсамольцаў.

Па ўспамінах той жа Вулляны Іўчык, у касцёле была фісгармонія, шкло ў вокнах пералівалася рознакаляровымі бліскаўкамі вялікіх вітражоў. Апошнім ксяндзом быў ТАМАШЭВІЧ. Святару нехта паведаміў, што пры закрыцці бажніцы яго могуць забіць, і ў Мяжонцы болей яго ніхто і ніколі не пабачыў.

“Касцёльныя абразы, – успамінала Вулляна Піліпаўна, – штабялямі паскладалі на зямлю. Паколькі было позна і ніхто не ведаў, што рабіць з імі, на ноч прыставілі вартаўніка Габрыіла Петрашкевіча. А ў раніцу Габрыіл Францавіч пачаў усім расказваць, што ноччу зрабілася светла і быццам расцвілі прыкасцёльныя бярозы.

Габрыіла хацелі арыштаваць, але ён хуценька скумекаў, пачаў сцвярджаць, што гэтае цудоўнае відовішча яму проста прыснілася.

Будынак касцёла не руйнавалі. Гаварылі, што перавязуць у Кіраўку, пад клуб пойдзе ці хату-чытальню. Але па нейкай прычыне перавозку ўсё адкладвалі, і яго ў вайну спалілі немцы.

Дзе падзеліся абразы, не ведаю. Тады шукалі золата ў касцёле і каля яго, у Шостакавым млыне. Рознае казалі людзі. А вось тое, што ўсе, хто прымаў удзел у закрыцці касцёла, вынасе з яго абразоў, дрэнна скончылі свае жыцці, дык гэта дакладна так”.

– Калі зачынялі касцёл, – прыгадвае і Лідзія Цэдрык, – то людзі казалі, што многа золата было. Іконы нібыта былі ў залатых абкладах, рыштунак касцёльны… Схаваў нехта. Гэта ўжо пасля адкрылася.

Лідзія Ерамееўна расказала, што напачатку 2000-х гадоў прыехаў у Мяжонку нейкі чалавек і папрасіў паказаць яму, дзе знаходзяцца каталіцкія могілкі. Прывялі, паказалі. Ён звярнуў увагу на раскапаную перад гэтым магілу. На дне яе ляжаў надмагільны камень. Ніхто з мяжонкаўцаў не ведаў, хто, калі і навошта раскапаў магілу. Прыезджы нарваў жмут травы, пацёр надмагільны камень, на якім праступілі лацінскія літары. На просьбу праважатых ён пераклаў тое, што было напісана: “Забярэ той, хто пакінуў”.

Мяжонкаўцы перакананыя, што ў 1935 годзе ці то ксёндз Тамашэвіч, ці то іншыя мясцовыя католікі касцёльнае золата схавалі пад выглядам магілы, а самі ўцяклі ў Польшчу. Ведалі пра гэту схованку некалькі чалавек. А ўдача паспадарожнічала аднаму са спрытнейшых з іх нашчадкаў. Як тое здараецца, бадай, заўсёды.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *