Утвораны абласная і 13 акруговых камісій

На сумесным пасяджэнні прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, якое адбылося 28 чэрвеня, прынята рашэнне аб утварэнні абласной і 13 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, што адбудуцца, нагадаем, 11 верасня.

З улікам таго, што паступіла вялікая колькасць заявак на ўключэнне ў камісіі, было прынята рашэнне сфарміраваць іх у максімальным складзе – па 13 чалавек кожная.

За час, адведзены Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання для прыёму дакументаў, паступілі 296 заяў, у тым ліку ў склад абласной выбарчай камісіі былі вылучаны 26 кандыдатаў. Амаль палова вылучэнцаў, 140 чалавек, прадстаўлялі палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Ад грамадзян шляхам падачы заяў заяўлены 125 кандыдатур, ад працоўных калектываў – 31.

У выніку абмеркавання ў склад выбарчых камісій увайшлі 182 чалавекі.

Начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Генадзь Герасіменка паведаміў, што “мы пастараліся забяспечыць у выбаркамах раўнамернае прадстаўніцтва кандыдатур ад усіх палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, каб стварыць працаздольныя камісіі, прыцягнуць у іх пісьменных і адказных людзей”. Напрыклад, у абласную камісію ўключаны прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Кампартыі Беларусі, грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, БРСМ і шэрагу іншых. Усяго 9 чалавек, ці 69,2 працэнта ад агульнага складу абласной выбарчай камісіі. Дарэчы, у акруговых камісіях гэты паказчык складае 60,9 працэнта. Максімальна ў іх прадстаўлена Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі – 25 членаў.

На арганізацыйным пасяджэнні адзінагалосна старшынёй Магілёўскай абласной камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання выбраны Валерый Берастаў, якога вылучылі выбаршчыкі працоўнага калектыву Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці.

Таксама быў вызначаны рэжым працы абласной камісіі: у буднія дні – з 10 да 19 гадзін (абедзены перапынак з 14 да 15 гадзін), па суботах – з 10 да 14 гадзін. Камісія знаходзіцца ў кабінеце №114 Дома Саветаў (г.Магілёў, Першамайская, 71), тэлефоны: 8-0222-22-08-14; 32-68-45.

Адзначым, што абласныя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўтвараюцца ўпершыню.

У склад Шклоўскай акруговай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Шклоўскай выбарчай акругі №90 увайшлі 13 чалавек: Гапееў Сяргей Леанідавіч – ад выбаршчыкаў працоўнага калектыву філіяла аўтапарк № 7 ААТ “Магілёўаблаўтатранс”, Гурынаў Аляксандр Рыгоравіч – ад Камуністычнай партыі Беларусі, Дзядкоў Аляксандр Уладзіміравіч – ад Рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Зубрыновіч Анатоль Уладзіміравіч – ад ГА “Беларускі фонд міру”, Клачкоў Анатоль Міхайлавіч – ад выбаршчыкаў шляхам падачы заявы, Каралёў Віктар Аляксандравіч – ад выбаршчыкаў працоўнага калектыву Шклоўскага раённага спажывецкага таварыства, Макарэвіч Ганна Міхайлаўна – ад ГА “БРСМ”, Мартыноўскі Андрэй Уладзіміравіч – ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Марфель Галіна Васільеўна – ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Наумовіч Алена Анатольеўна – ад РГА “Белая Русь”, Пекерт Алена Іванаўна – ад Рэспубліканскага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, Рылькоў Аляксандр Анатольевіч – ад выбаршчыкаў шляхам падачы заявы, Селівестрава Алена Мікалаеўна – ад ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі № 90, у склад якой уваходзіць і Бялыніцкі раён, размешчана па адрасе: г. Шклоў, вул. Ленінская, 76, кабінет № 200; тэл. 8-02239 – 31-063.

Рэжым працы: у буднія дні: з 10 да 19 гадзін (абедзенны перапынак з 14 да 15 гадзін), па суботах – з 19 да 14 гадзін.

На першым арганізацыйным пасяджэнні Шклоўскай акруговай выбарчай камісіі, якое прайшло 29 чэрвеня, старшынёй яе выбраны Аляксандр Рыгоравіч Гурынаў, намеснікам старшыні – Галіна Васільеўна Марфель, сакратаром – Алена Іванаўна Пекерт.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *