Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў стартавала ў Беларусі

Працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачынаецца сёння і прадоўжыцца па 1 жніўня ўключна, паведамляе БЕЛТА.

Вылучаць кандыдатаў могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне. Каб сабраць подпісы грамадзян, патэнцыяльны кандыдат або яго прадстаўнік, павінен звярнуцца ў адпаведную акруговую выбарчую камісію для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, у якой павінна быць не менш за 10 чалавек.

Усяго ў краіне 110 акруг, і сярэдняя колькасць выбаршчыкаў у кожнай — прыкладна 63,7 тыс. У гэтых грамадзян можна збіраць подпісы, напрыклад, з дапамогай пікетаў. Прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла павінен вызначыцца, якую менавіта акругу ён жадае прадстаўляць у парламенце, калі будзе выбраны. Паколькі вылучэнне магчыма толькі па адной акрузе. Затым, як ужо гаварылася, асабіста або праз прадстаўніка ён перадае дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў па яго вылучэнні. Гэта трэба зрабіць не пазней за 7 ліпеня. Акруговыя выбаркамы зарэгіструюць ініцыятыўныя групы і выдадуць іх членам пасведчанні і падпісныя лісты на працягу пяці дзён з моманту паступлення заявы.

Групы зоймуцца зборам подпісаў у грамадзян. Пры гэтым любы падпісант мае права запатрабаваць паказаць яму дакументы, што засведчваюць асобу зборшчыка подпісаў і пацвярджаюць, што той сапраўды ўваходзіць у ініцыятыўную групу. Сабраныя подпісы павінны быць здадзены ў выбаркам акругі не пазней за 1 жніўня. Пасля гэтага пачнецца праверка падпісных лістоў. У кожным канкрэтным выпадку яна прадоўжыцца да дня рэгістрацыі кандыдата. Часавыя рамкі для рэгістрацыі вызначаны з 2 па 11 жніўня ўключна. Пратаколы аб рэгістрацыі будуць перадавацца ў Цэнтрвыбаркам, а кожны кандыдат атрымае пасведчанне на працягу двух дзён пасля рэгістрацыі.

Калі ж кандыдат вылучаецца палітычнай партыяй, то неабходна выканаць некалькі правіл. Партыя павінна быць зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі не пазней чым за шэсць месяцаў да назначэння выбараў. Рашэнне аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты прымаецца менавіта вышэйшым органам палітычнай партыі. Зразумела, вылучэнец павінен быць членам гэтай партыі. На кожную з акруг партыя можа вылучаць толькі па аднаму чалавеку.

Калі размова ідзе аб вылучэнні ад працоўнага калектыву, то тут таксама неабходны пэўныя ўмовы. Па-першае, арганізацыя павінна мець правы юрыдычнай асобы, а колькасць працуючых павінна быць не меншая за 300 чалавек. Вылучэнне кандыдата ў дэпутаты ажыццяўляецца на сходзе (канферэнцыі) выбаршчыкаў у працоўным калектыве. Гэты калектыў мае права вылучаць кандыдата па той выбарчай акрузе, на тэрыторыі якой знаходзіцца арганізацыя. Гэта вызначаецца па юрыдычным адрасе.

Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата, але ён не абавязкова павінен быць работнікам гэтай арганізацыі.

У выпадку, калі кандыдата вылучаюць калектывы некалькіх арганізацый, працуюць падобныя правілы. Усе гэтыя арганізацыі павінны быць размешчаны на тэрыторыі выбарчай акругі, па якой вылучаецца кандыдат. Кожная арганізацыя павінна валодаць правамі юрыдычнай асобы, і ў кожнай з іх павінна быць менш за 300 работнікаў, але ў суме супрацоўнікаў гэтых арганізацый не можа быць менш за 300. Вылучэнне праводзіцца на агульным сходзе працоўных калектываў арганізацый, пры гэтым ад кожнага працоўнага калектыву павінна прысутнічаць больш як палавіна яго складу.

Сход (канферэнцыя) выбаршчыкаў у працоўным калектыве па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты склікаецца адміністрацыяй арганізацыі як па ўласнай ініцыятыве, так і па ініцыятыве групы выбаршчыкаў у колькасці не меншай за 150 чалавек, працуючых у арганізацыі.

Ва ўсіх выпадках не трэба забываць, што вылучаць кандыдатаў могуць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

Выбаркамы будуць паведамляць СМІ аб тым, хто прайшоў праз гэты першы этап перадвыбарнай гонкі і стаў кандыдатам. Таксама камісіі будуць рэгістраваць давераных асоб кандыдатаў, іх фінансавых прадстаўнікоў. Спецыяльныя рахункі для фарміравання ўласных выбарчых фондаў можна адкрываць са дня рэгістрацыі кандыдатаў.

Агітацыяй кандыдаты змогуць займацца са дня сваёй рэгістрацыі па 10 верасня ўключна, а ў дзень галасавання — 11 верасня — агітаваць ужо нельга.

БелТА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *