Бялыніччына адсвяткавала Дзень Незалежнасці

Самую ўрачыстую і незабыўную падзею адсвяткавала 3 ліпеня наша краіна, у тым ліку родная Бялыніччына, – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Сёлетняе свята юбілейнае – 25 гадоў споўнілася з таго часу, як Беларусь атрымала суверэнітэт. І 72 гады прамінула з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сталіцы нашай краіны — горада Мінск.

Флаги

У гэты дзень на святочны мітынг у Ліпавы гай прыйшлі бялынічане і госці райцэнтра, каб адзначыць урачыстую падзею і ўшанаваць памяць тых, хто са зброяй у руках здабываў для нас, нашчадкаў, мір і свабоду. Першым слова ўзяў старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.

— 3 ліпеня — свяшчэнная дата ў нашай гісторыі, асаблівае ўсенароднае свята. Яно непарыўна звязана з вызваленнем нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — сказаў Мікалай Міхайлавіч. — Навечна ў памяці застанецца вялікі подзвіг нашага народа, які адстаяў у бітвах сваю свабоду, адрадзіў з небыцця разбураныя гарады і вёскі. У полымі Вечнага агню, у помніках і абелісках, у нашых сэрцах і ў памяці нашых нашчадкаў захаваюцца тыя падзеі, памяць пра ўсіх, хто стаяў насмерць на полі бою, хто змагаўся плячом да пляча за мір і свабоду.

Цёплыя словы і віншаванні старшыня райвыканкама адрасаваў ветэранам вайны і працы, пажадаў ім моцнага здароўя і дабрабыту. На свяце прысутнічаў таксама ганаровы госць, сын Героя Савецкага Саюза Барыса ХІГРЫНА Роберт Барысавіч Хігрын. Яго бацька, адважны афіцэр-артылерыст, у ліпені 1941 года здзейсніў пад Бялынічамі свой бессмяротны подзвіг. Барыс Хігрын прыняў няроўны бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Артылерыйскі дывізіён пад яго камандаваннем трапнымі ўдарамі знішчаў варожыя танкі. Аднак сілы былі няроўныя, мужны артылерыст загінуў у бітве.

Роберт Хігрын адзначыў: для яго вельмі многа значыць тое, што пра подзвіг бацькі не забываюць, а таксама падзяліўся і ўласным меркаваннем, што не менш вялікі подзвіг здзейсніла яго маці, якая вывезла траіх маленькіх дзяцей з-пад акупацыі. Немцы не шкадавалі сем’яў камандзіраў Чырвонай Арміі, і маці прыклала сапраўды гераічныя намаганні, каб выратаваць жыццё сваім дзецям. Таксама Роберт Барысавіч звярнуўся да бялынічан з просьбай успомніць пра тых, хто загінуў у бітвах, хто быў закатаваны ў канцлагерах, хто змагаўся з ворагамі ў партызанскіх атрадах і падполлі. Пакуль мы будзем помніць пра іх, яны будуць для нас жывымі.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар СШ №1 імя М. І. Пашкоўскага, дэлегат V Усебеларускага народнага сходу Таццяна БАЛДЫШЭЎСКАЯ. Яна ўзгадала радкі з верша паэта Пімена ПАНЧАНКІ:

На зямлі нашай светлай

Добра жыць і любіць.

Аб чацвёртым, чацвёртым

Мы не можам забыць.

Наша горкая гордасць

Прасвятлее ў вяках.

Не скрышылі нас орды,

Не адолеў нас страх.

Гэтыя словы — знак удзячнасці за стойкасць і гераізм людзям, якія здзяйснялі подзвігі на полі ратным і зараз працягваюць іх здзяйсняць, але на ніве стваральнай працы.

На Алеі Герояў у гэты час застыла ганаровая варта. Да Вечнага агню бялынічане ўсклалі кветкі і ўшанавалі імёны герояў хвілінай маўчання.

На адкрытай пляцоўцы парка адпачынку работнікі культуры прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Беларусь мая сінявокая…”, дзе выступілі лепшыя выканаўцы і калектывы Прыдруцкага краю.

Святкаванне Дня Незалежнасці разгарнулася ў Ліпавым гаі і ўвечары. Ад кожнага сельскага Савета і буйных арганізацый працавалі тэматычныя пляцоўкі, былі разгорнуты выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Сярод падворкаў было арганізавана спаборніцтва, дзе ацэньвалася іх гасціннасць, творчасць і крэатыўнасць. Аднак вызначыць першае месца членам журы аказалася нялёгка. Прадстаўнікі кожнага сельсавета пастараліся на славу, і на кожнай пляцоўцы госці знаходзілі нешта незвычайнае і цікавае. У выніку, лепшымі з лепшых былі прызнаны падворкі Цяхцінскага, Вішоўскага і Лебядзянкаўскага сельсаветаў. А самай смачнай юшкай частавалі на тэматычных пляцоўках БУКП “Жылкамгас”, ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” і на падворку Ланькаўскага сельсавета.

Увечары для гасцей свята адбыўся грандыёзны канцэрт, а без некалькіх хвілін на адзінаццатую гадзіну вечара стартавала агульнарэспубліканская акцыя “Праспяваем Гімн разам”. Завяршыліся святкаванні прыгожым феерверкам і дыскатэкай для моладзі ў гонар Дня Незалежнасці.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і Вольгі НАБОКАВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *