Рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу абмеркавалі на чарговым пленуме савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

У ім прынялі ўдзел больш за 300 прафсаюзных актывістаў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны краіны і ўсе галіны народнай гаспадаркі.

Старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА адзначыў, што мэты і задачы, названыя на пятым Усебеларускім народным сходзе, супадаюць з мэтамі і задачамі рашэнняў, прынятых на VІІ з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які прайшоў у маі мінулага года.

“Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на чарговыя пяць гадоў з’яўляецца вельмі важным дакументам для прафсаюзаў, паколькі яна закранае абсалютна ўсе пытанні, якія знаходзяцца ў нас на парадку дня. Важным момантам з’яўляецца тое, што гэта праграма накіравана на мадэрнізацыю. Калі прадпрыемствы будуць працаваць устойліва, стабільна, эфектыўна, значыць, будзе і заработная плата, і ў людзей будзе паляпшацца дабрабыт. А гэта тое, за што заўсёды выступалі прафсаюзы”, – сказаў Міхаіл Орда.

Адзначым, што ўдзел у працы пятага Усебеларускага народнага сходу прынялі і дэлегаты Бялыніччыны: старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Аляксандр АГЕЕЎ, дырэктары ПМК №241 – Уладзімір РАМАНЕНКА, ААТ “Новая Друць” – Анатоль ДРАЗДОЎ, СШ №1 імя М. І. Пашкоўскага – Таццяна БАЛДЫШЭЎСКАЯ, галоўны заатэхнік СВК “Калгас “Радзіма” Валянціна ЛАПАЦЕНТАВА, прадавец Старасельскага магазіна райста Галіна СЕМАШКЕВІЧ. Яны падтрымалі прапанаваную кіраўніцтвам краіны галоўную мэту чарговай пяцігодкі – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на падставе росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, актывізацыі рынкавых інстытутаў, інавацыйнага развіцця.

Ухваленая сходам Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 – 2020 гады накіравана ў будучыню і прадугледжвае канкрэтныя дзеянні. Нагадаем словы Прэзідэнта Аляксандра ЛУКАШЭНКІ, які так ахарактарызаваў гэты важны дакумент: “Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучага, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў”.

На прайшоўшым пленуме ФПБ былі таксама падведзены вынікі дзейнасці Федэрацыі ў частцы выканання рашэнняў VІІ з’езда ФПБ. У прыватнасці, размова вялася аб калектыўна-дагаворнай працы, правядзенні маніторынгаў сацыяльна-эканамічнага становішча прадпрыемстваў, занятасці, прававой і сацыяльнай абароны працоўных, а таксама аб стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый. Да слова сказаць, цягам года ў Беларусі створана каля тысячы прафсаюзных пярвічак. Большая частка іх утворана ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасці.

Адзначу, што на Бялыніччыне за гэты перыяд створаны 6 пярвічных прафсаюзных арганізацый на прадпрыемствах недзяржаўнай формы ўласнасці.

Святлана ПАТАПЧЫК,

старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *