Надзейны шлях у прафесію. Праз ПЛ №17

Набірае абароты ўступная кампанія ў навучальныя ўстановы. Сёння прыём дакументаў вядзецца, у тым ліку, і ў прафесійны ліцэй №17. Чаму абітурыентам варта аддаць перавагу менавіта гэтай установе, карэспандэнту раёнкі расказаў намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Дзяніс СУРГАНАЎ.

– Напэўна, таму, што наш ліцэй у першую чаргу рыхтуе кваліфікаваныя кадры для сельскай гаспадаркі. А яны заўсёды былі і будуць запатрабаваныя. Для абітурыентаў, якія скончылі 9 класаў, мы прапаноўваем атрымаць такія прафесіі, як трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм.

– Дзяніс Сяргеевіч, раскажыце, калі ласка, пра ўмовы навучання ў вашым ліцэі?

– Створаны самыя спрыяльныя ўмовы, каб юнакі добра авалодалі выбранай прафесіяй. Усе вучэбныя кабінеты, майстэрні і лабараторыі абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання. Ліцэй мае 2 камп’ютарныя класы і бібліятэку, якая пастаянна папаўняецца навінкамі вучэбнай і метадычнай літаратуры.

Для вытворчага навучання існуе добрая матэрыяльна-тэхнічная база з трактарамі, грузавымі і легкавымі аўтамабілямі, зернеўборачнымі камбайнамі, разнастайнымі сельскагаспадарчымі агрэгатамі. Практычныя заняткі па прадметах прафесійнага кампанента праходзяць на трактарадроме і аўтадроме, а таксама на тэхналагічных палях навучальнай гаспадаркі ліцэя, якая налічвае 18,8 га зямельных угоддзяў.

Замацоўваюць атрыманыя тэарэтычныя веды падчас вучэбнай практыкі навучэнцы на прадпрыемствах і ў сельскагаспадарчых арганізацыях Бялыніцкага, Бярэзінскага і Круглянскага раёнаў.

І, што самае галоўнае, – першапачатковую прафесійную адукацыю хлопцы атрымліваюць пад кіраўніцтвам сапраўдных майстроў сваёй справы. У ліцэі склаўся калектыў вопытных і дасведчаных выкладчыкаў.

4

У мэтах забеспячэння бесперапыннай сістэмы падрыхтоўкі кадраў лепшыя ліцэісты маюць магчымасць прадоўжыць навучанне на другой ступені ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П. Арлоўскага і Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, з якімі ў нас заключаны дагаворы.

– Як арганізавана выхаваўчая праца і вольны час навучэнцаў?

– Кожны дзень ліцэя – асаблівы: цікавыя ўрокі і мерапрыемствы, заняткі ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах. Сумаваць няма калі. На базе ўстановы працуюць чатыры такія аб’яднанні: “Агульная фізічная падрыхтоўка”, “Трэнажорная зала”, “Сабяры сваё жыццё сам” і “Тэхнічная творчасць”. Напрыклад, на апошнім з іх выхаванцы пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Алега БАРОДЗЬКІ з металічных адходаў і непатрэбных запчастак вырабляюць паменшаныя мадэлі трактароў, аўтамабіляў, матацыклаў. Дзве з іх, амерыканскі рэтрааўтамабіль “Hot Rod” і лоурайдар, зараз знаходзяцца ў Мінску на выставе тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаЭвалюцыя”.

3

У ліцэі праходзяць тэматычныя вечары, віктарыны, конкурсы прафесійнага майстэрства, спартыўныя спаборніцтвы. Ліцэісты прымаюць таксама актыўны ўдзел у розных раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, конкурсах, творчых праектах. Каманда ПЛ №17 з’яўляецца пастаянным удзельнікам абласной спартакіяды сярод навучэнцаў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў і спаборніцтваў у рамках круглагадовай спартакіяды сярод працоўных калектываў раёна, у якіх неаднаразова станавілася прызёрам.

Штогод у ліцэі ствараюцца студэнцкія атрады. Напрыклад, гэтай вясной чатыры такія будатрады працавалі на ўзвядзенні жывёлагадоўчага комплексу летняга ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы СВК “Калгас “Радзіма”, за што, акрамя заработнай платы, былі заахвочаны старшынёй праўлення гаспадаркі Аляксандрам ЛАПАЦЕНТАВЫМ экскурсійнай паездкай у Брэсцкую крэпасць.

Што ж да сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў ліцэя, то яны забяспечваюцца інтэрнатам і бясплатнымі абедамі, а дзеці-сіроты і іншагароднія з малазабяспечаных сем’яў – трохразовым харчаваннем. Акрамя таго, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, штомесяц атрымліваюць стыпендыю, кампенсацыю за харчаванне, раз у год – сродкі на набыццё адзення і абутку, а пры заканчэнні ліцэя і ўладкаванні на першае працоўнае месца – выхадную дапамогу ў памеры 870 рублёў.

Таксама адзін раз на паўгоддзе для атрымання стыпендыі імя У. Скрыцкага выбіраецца навучэнец, які мае лепшыя вынікі ў вучобе і актыўна праяўляе сябе ў грамадскім жыцці.

Лічу, у нашай навучальнай установе створана цэласная сістэма навучання і выхавання маладога пакалення працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

– Што вы пажадаеце патэнцыйным навучэнцам прафесійнага ліцэя №17?

– Паважаныя абітурыенты! Выбар прафесіі ў жыцці кожнага чалавека – важнае і адказнае рашэнне. Не трэба забывацца на тое, што сёння менавіта рабочыя прафесіі найбольш запатрабаваныя на рынку працы. Наш ліцэй прапануе магчымасць атрымаць цікавыя сучасныя высокааплатныя спецыяльнасці. Пасля заканчэння ўстановы выпускнікі стабільна атрымліваюць першае працоўнае месца згодна заключаных дагавораў і заявак заказчыкаў кадраў на прадпрыемствах і ў сельгасарганізацыях раёна. Яны зарэкамендавалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі, і мы чуем пра іх толькі добрыя водгукі.

5

Сёння ліцэй чакае новых навучэнцаў. Прыём дакументаў на ўсе спецыяльнасці працягваецца да 20 жніўня. Конкурсны адбор ажыццяўляецца на падставе адзнак атэстата аб заканчэнні 9 класаў школы.

Прыёмная камісія працуе з 9.00 да 18.00 па адрасе: вуліца Мічурына, 1. Даведкі наконт паступлення ў ПЛ № 17 можна атрымаць па тэлефонах 51-725, 51-743. Разлічваем, што ў новым навучальным годзе наша дружная студэнцкая сям’я папоўніцца здольнымі і актыўнымі маладымі людзьмі.

Гутарыў Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота з архіва ПЛ №17.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *