Па натуры – аптыміст, па прызванні – прадавец

Райспажыўтаварыства імкнецца прадаставіць свае паслугі жыхарам нават самых аддаленых вёсак раёна. Выкананнем гэтай задачы, сярод іншых экіпажаў аўтамагазінаў, паўсядзённа займаюцца прадавец Надзея СУПІТАЛЁВА і вадзіцель Мікалай САНЬКОЎ. Яны абслугоўваюць больш за два дзясяткі сельскіх населеных пунктаў. Кожны дзень дружны тандэм накіроўваецца на замацаваным за імі аўтамабілі па адным з маршрутаў.

Перад тым, як адправіцца ў дарогу, прадаўцу патрэбна яшчэ нямала папрацаваць у райцэнтры. Тут галоўны клопат – загрузіцца таварамі. З раніцы Надзея Ільінічна заязджае на хлебазавод, дзе бярэ свежы хлеб і папаўняе асартымент кандытарскіх вырабаў, загружае свой аўтамагазін на базе райста іншымі патрэбнымі таварамі і адпраўляецца ў шлях. Усё гэта таксама састаўная частка працы прадаўца аўталаўкі. А працу сваю Надзея Супіталёва любіць.

2

Надзея Ільінічна нарадзілася і вырасла ў Шклоўскім раёне. Расказвае, што прадаўцом хацела стаць з самага дзяцінства, калі з іншымі дзецьмі гуляла ў “краму”, прадавала ўяўны тавар, за які разлічваліся фанцікамі ад цукерак. Хаця пасля школы адвучылася па іншай спецыяльнасці – на повара. Зрабіла гэта, як часта бывае, за кампанію з лепшай сяброўкай. Аднак лёс усё роўна прывёў яе за прылавак магазіна.

Пасля заканчэння вучылішча Надзея Ільінічна па размеркаванні патрапіла на працу ў Бялынічы, а вольны час праводзіла ў цёткі ў вёсцы Старое Сяло. Там і засталася на ўсё жыццё, пасля таго як пабралася шлюбам з маладым мясцовым хлопцам Барысам СУПІТАЛЁВЫМ.

Азы прафесіі асвойвала ў магазіне па прыёме шкляной тары ў Галоўчыне, потым гандлявала ў крамах вёсак Старое Сяло, Васількі, Лічынка. А зараз чацвёрты год калясіць на аўталаўцы па паўночна-заходняй частцы раёна. Агульны стаж працы Надзеі Супіталёвай у спажывецкай кааперацыі складае 22 гады.

У кожнай вёсачцы Надзею Ільінічну сустракаюць, без перабольшвання, як роднага чалавека.

– Яна выдатны спецыяліст і чалавек з добрым сэрцам, – кажа пенсіянерка Аляксандра КАСПЯРОВІЧ з вёскі Карманоўка. – Нам многія нават зайздросцяць, што ў нас такі ветлівы і цярплівы прадавец. Няхай яна радуе нас як мага даўжэй.

1

Да слоў жанчыны далучыліся і іншыя пакупнікі ў населеных пунктах на маршруце аўталаўкі. Адчуваецца, што Надзея Супіталёва сваёй працай набыла іх давер і даражыць ім. Яна – чалавек, які ўмее наладжваць кантакты з людзьмі і да кожнага мае асабісты падыход.

Гандаль ідзе бойка, асабліва зараз, калі ў вёску прыехала шмат дачнікаў і школьнікаў на канікулы да бабуль і дзядуль. Цяперашняе абсталяванне аўталаўкі дазваляе дастаўляць пакупнікам і рыбу, і мясныя вырабы, і марожанае, садавіну і гародніну, і многія іншыя прадукты. Пастаяннае месца на паліцы займаюць свежыя нумары раённай газеты “Зара над Друццю”. Прывозіць “магазін на колах” вяскоўцам таксама тавары і пад заказ. Гэта спрыяе выкананню месячнага плана па тавараабароце, які ў летні сезон у аўтамагазіна перавышае 200 мільёнаў рублёў.

Рабочы дзень у работнікаў аўталаўкі часта цягнецца да позняга вечара. Наперадзе дарога дадому. Потым Надзея Ільінічна зноў бярэцца за працу, на гэты раз папяровую: патрэбна падлічыць выручку за дзень, скласці справаздачы. Назаўтра яе аўталаўка ў чарговы раз паедзе па вёсках, павязе неабходныя тавары людзям. І ў важнасці сваёй справы Надзея Супіталёва не сумняваецца, таму і стараецца выконваць яе сумленна і старанна.

Ігнат ШУМЕЙКА.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *