Семінар-трэнінг па праблеме хатняга гвалту правялі ў райцэнтры

Семінар-трэнінг па праблеме хатняга гвалту правялі ў райцэнтры спецыялісты камісіі па правах жанчын РГА “Прававая ініцыятыва”, якая ўваходзіць у склад еўрапейскай сеткі арганізацый “Жанчыны супраць гвалту”.

Распачала мерапрыемства старшыня камісіі па правах жанчын Галіна УСЦІНАВА, якая распавяла, што ўжо некалькі гадоў іх арганізацыя займаецца папулярызацыяй праграмы папярэджання гвалту ў сямейна-бытавых адносінах праз распаўсюджванне навейшых прыёмаў і тактык яго выяўлення, знаёмства спецыялістаў сацыяльнай сферы з перадавым вопытам суайчыннікаў і еўрапейцаў. Удзел у семінары прынялі прадстаўнікі раённых бальніцы, сацыяльна-педагагічнага і цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, школ, іншыя зацікаўленыя ў вырашэнні дадзенай праблемы спецыялісты.

IMG_4137

Аб тым, што такое вікцімнасць (ад лацінскага “victima” — ахвяра), распавяла ў сваім дакладзе кандыдат псіхалагічных навук Надзея ЦЫРКУН. Па словах выступоўцы, некаторыя псіхічныя, фізічныя і сацыяльныя рысы чалавека могуць стаць прычынай яго схільнасці да ролі ахвяры.

— У дачыненні да каго лягчэй за ўсё зрабіць гвалтоўнае дзеянне? Да таго, хто сацыяльна адаптаваны, здаровы, упэўнены ў сваіх сілах? Вядома, не. Ахвяра – гэта заўсёды слабы, залежны член сям’і, — упэўнена выказваецца Надзея Цыркун. – Адукаваныя, самастойныя жанчыны значна радзей становяцца ахвярамі хатніх тыранаў. Але ў сям’і амаль заўсёды ёсць слабейшыя – гэта дзеці і людзі сталага ўзросту.

Уменне распазнаваць праявы хатняга гвалту дакладчыца лічыць адным з важнейшых навыкаў, якім павінен валодаць не толькі спецыяліст, але і кожны чалавек. Прысутныя на прыкладах вучыліся з юрыдычнага боку падыходзіць да кожнай асобнай сітуацыі.

Тэма ўзаемадзеяння ў сям’і стала ключавой у выступленні кандыдата псіхалагічных навук Наталлі МАСКАЛЁВАЙ. Яна сканцэнтравала ўвагу прысутных на такіх паняццях, як супрацьстаянне і ўзаемадапамога, і адзначыла, што важным фактарам, здольным панізіць узровень штодзённай агрэсіі, з’яўляецца адказнасць за адносіны.

— Кожны з нас, ствараючы сям’ю, спадзяецца неяк палепшыць сваё становішча, — тлумачыць яна. — Але ў кожнага ёсць асабістае меркаванне наконт значэння слова “палепшыць”, бо ўсе мы з’яўляемся выхадцамі з бацькоўскіх сем’яў, дзе пануюць разнастайныя мадэлі паводзінаў. Гэта прыводзіць да ўзнікнення канфліктных сітуацый, выйсце з якіх можна знайсці толькі пры ўсведамленні сваёй адказнасці за гэтыя адносіны.

Наталля Маскалёва заўважыла, што, фарміруючы новую ячэйку грамадства, чалавек павінен дакладна вызначыць і данесці да свайго партнёра, што ён гатовы цярпець, а на што ні ў якім разе не пагадзіцца. Спецыяліст дае параду адказаць на пытанне самому сабе: што ў гэтай сям’і дазваляецца рабіць, а што не.

— Шмат чаго мы не робім на працы, на вуліцы, у грамадскіх месцах. Падобныя правілы неабходна ўстанавіць і дома, — лічыць выступоўца.

Тэхнікі ўзаемадзеяння ў складаных жыццёвых сітуацыях раскрыла намеснік дырэктара па развіцці накірункаў, эксперт-кансультант і партнёр кансалтынгавай групы REZУЛЬТАТ Антаніна ПАЖЫДАЕВА. Дакладчыца завастрыла ўвагу на тым, як не патрапіць у гэтак званы трохкутнік Карпмана: не стаць тыранам, ахвярай альбо выратавальнікам у сямейных адносінах. Яна распавяла пра спосабы пазбаўлення агрэсіі без пераносу яе на блізкіх людзей і нагадала, што ў партнёрскіх сем’ях, дзе няма падзелу працы на жаночую і мужчынскую, гвалт сустракаецца значна радзей.

Прысутныя на мерапрыемстве псіхолагі, сацыяльныя педагогі і іншыя зацікаўленыя асобы адзначылі карысць атрыманых ведаў, абмеркавалі шэраг методык, прапанавалі свае пытанні для дыскусіі.

Галоўныя тэзісы семінара-трэнінгу, якія карысна ведаць не толькі спецыялістам сацыяльнай сферы.

У нашай краіне ніхто не мае права шлёпнуць дзіцяці.

У выпадку, калі бачым гвалт, але не паведамляем аб гэтым у адпаведныя органы, мы з’яўляемся саўдзельнікамі.

Самы страшэнны гвалт – гвалт над сабой.

Аб роўнасці ў правах мужчын і жанчын: біццё жонкай мужа таксама забаронена, як і біццё мужам жонкі.

Не існуе аб’ектыўнай прычыны для абразы чалавека.

Як адзін член сям’і можа дазваляць штосьці іншаму? Кожны чалавек свабодны. З ім можна абмяркоўваць рэчы, дамаўляцца. Але дазваляць, а тым больш забараняць што-небудзь – значыць, парушаць яго правы.

Гвалт – гэта пытанне ўлады і кантролю. Як толькі чалавек пачынае думаць, што мае ўладу над кімсьці, ён быццам становіцца гатовым да гвалту.

Анастасія МАКЕЕВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *