Праца дастаўкі навін, або Што агульнага ў прафесіях паштальёна і карэспандэнта

Калектыў нашага перыядычнага выдання фарміруе вакол газеты кола пастаянных чытачоў, стараецца аператыўна даносіць да падпісчыкаў патрэбную інфармацыю.

Вось і карэспандэнты раённай газеты Андрэй СУПІТАЛЁЎ і Святлана МАГІЛЕЎЧЫК адправіліся з паштальёнам Алай ХРУШЧОВАЙ па яе ўчастку, каб даведацца з першых вуснаў, як праходзіць падпісная кампанія і што цікавага хацелі б пабачыць на старонках раёнкі яе чытачы.

Хрушчова

Зона абслугоўвання нашага паштальёна даволі вялікая: вуліцы Кірава, Лорчанкі, Хігрына, Ленінская і інш. За дзень, як прызнаецца жанчына, набягае больш за 15 кіламетраў. Завітвае Ала Дзмітрыеўна ў некаторыя арганізацыі і на прадпрыемствы Бялынічаў. У цэху па вытворчасці сыроў Бялыніцкага філіяла ААТ “Бабуліна крынка” Ала Хрушчова затрымліваецца надоўга: трэба столькі квіткоў запоўніць!

— Канечне, раённая газета самая папулярная сярод маіх падпісчыкаў, — распавядае Ала Дзмітрыеўна. — Увогуле, я разношу па дамах 400 экземпляраў газет і часопісаў.

Сапраўды, паштальёнская сумка важыць многа. Аднак па шляху ад дома да дома яна паціху пачынае пусцець. Кладуцца ў паштовыя скрынкі газеты, апавяшчэнні, пісьмы… Дзе-нідзе гаспадары сустракаюць паштальёнку на парозе, каб атрымаць пенсію. З усімі Ала Хрушчова абменьваецца ўсмешкамі.

— Проста вельмі падабаецца мая праца, — гаворыць яна, апярэдзіўшы наспелыя пытанні. – Стараюся з усімі людзьмі падтрымліваць добрыя адносіны. За той час, што працую паштальёнам, атрымала многа жыццёвых урокаў. Самае страшэннае – гэта адзінота. Часта да некаторых людзей, асабліва пажылых, акрамя паштальёна, ніхто і не прыходзіць. Таму з кожным чалавекам абменьваюся хаця б некалькімі словамі. А яшчэ мне здаецца, што прафесіі паштальёна і карэспандэнта шмат у чым падобныя паміж сабой. Мы таксама ў курсе ўсіх навін, непасрэдна даносім іх да чытача, людзі расказваюць нам свае цікавыя гісторыі…

Пасля таго, як газеты былі разнесены, падводзім вынікі нашага падарожжа. На раённую газету падпісалася больш за 20 чалавек. З іх амаль палова аформілі падпіску да канца года.

Марыя ЗУБОЎСКАЯ, пенсіянерка:

— Падпісваемся на “Зару над Друццю” шмат гадоў. Чытаем з мужам і навіны, і аб’явы, і артыкулы пра землякоў, і літаратурныя творы. Асабліва прыемна, калі сустракаем творчасць Васіля НАЙДЗІНА, Мікалая ПАДАБЕДА, Віктара СУХАРАВА… Хацелася, каб у нашай раёнцы было пабольш матэрыялаў практычнага характару: па вядзенні дамашняй гаспадаркі, работах у садзе і агародзе.

Валянцін ІВАНОЎ, настаўнік СШ №1 імя М. І. Пашкоўскага:

— Мы з жонкай падпіску на перыядычныя выданні афармляем заўсёды. Вось і зараз атрымаў квіток на “Зару над Друццю”. Але вы і пра паштальёнку нашу напішыце добрыя словы. Яна вельмі адказная. Ведаеце, як прыемна своечасова атрымліваць прэсу? А ёй колькі пахадзіць прыходзіцца, каб усе былі задаволены.

Сафія САСНОЎСКАЯ, пенсіянерка:

— Мне падабаецца, што раённая газета каляровая, многа фотаздымкаў. Калі што знаходжу цікавае, абавязкова выразаю.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *