СВК “Калгас “Радзіма” стаў пляцоўкай для правядзення раённага семінара-вучобы па гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да жніва

СВК “Калгас “Радзіма” стаў пляцоўкай для правядзення раённага семінара-вучобы па гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да жніва. Удзел у ім прыняў і старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, які, падводзячы вынікі семінара, адзначыў, што вучыцца, пераймаць вопыт ніколі не позна. Важна пры гэтым пабачанае, пачутае ці падгледжанае ў іншых абавязкова прымяняць у сваёй гаспадарцы.

Недзе за гадзіну да адкрыцця семінара ўсе ўдзельнікі прадстаячых уборачных работ на хлебнай ніве гаспадаркі сабраліся на традыцыйную ўрачыстасць святарскага бласлаўлення на добрую працу. Настаяцель Вішоўскай Петрапаўлаўскай царквы айцец Павел папрасіў дапамогі ў Бога для хлебаробаў, даў ім наказ працаваць шчыра і рупліва, акрапіў трактарыстаў і тэхніку асвячонай вадой, параіў усім кожны дзень пачынаць і заканчваць падзячнай малітвай. Таксама ў гэтым годзе ўпершыню святар Павел асвяціў чатыры зернесушыльныя комплексы СВК “Калгас “Радзіма” і збожжасховішчы. Старшыня калгаса Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ у сваім слове да хлебаробаў адзначыў, што рытуал асвячэння перад правядзеннем масавых сельскагаспадарчых кампаній апроч сакральнага мае і яшчэ мабілізуючае значэнне, натхняе работнікаў на выніковую працу. І нагадаў, што пасяўныя і корманарыхтоўчыя работы вішоўскія механізатары правялі зладжана, якасна і за самыя аптымальныя тэрміны. Кіраўнік гаспадаркі спадзяецца на такі самы вынік і такую працу і ў час уборкі ўраджаю збожжа і зернебабовых культур.

ж14 ж12

– Усе мы ходзім пад Богам, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч, – і Бог, калі будзе на тое патрэба, дапамагае кожнаму.

ж4

Да слова сказаць, сёлета на жнівеньскіх уборачных работах будзе задзейнічана 61 адзінка калгаснай тэхнікі, якая ўжо цалкам падрыхтавана да працы і хоць сёння гатова выехаць у поле.

Распачаў працу раённага семінара-вучобы па гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да жніва, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі, галоўныя аграномы, галоўныя інжынеры, галоўныя эканамісты і бухгалтары гаспадарак, спецыялісты райсельгасхарчу, першы намеснік старшыні райвыканкама Максім БАКУРАЎ, які адзначыў, што стан і якасць падрыхтаванасці да ўборачных работ СВК “Калгас “Радзіма” з’яўляюцца ўзорам для ўсіх астатніх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Начальнік райсельгасхарчу падкрэсліў, што ў цэнтр увагі семінара пакладзены ўсе звенні комплексу ўборачнага канвеера па лініі тэхніка-поле-збожжаток-склад.

ж10

Начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Алег ЗАЛУЦКІ падкрэсліў, што хлеб на палетках даспявае нядрэнны, і ўраджай яго трэба ўбраць своечасова і якасна, да апошняга зернятка. Па-гаспадарску трэба распарадзіцца і саломай. Неабходныя тэхнічны і кадравы патэнцыялы для паспяховага выканання гэтай задачы маюцца ў кожным сельгаспрадпрыемстве. Галоўнае зараз эфектыўна яго настроіць, падрыхтаваць і потым выкарыстоўваць. На жаль, заўважыў Алег Залуцкі, яшчэ далёка не кожнае сельгаспрадпрыемства раёна можа пахваліцца такім узроўнем падрыхтаванасці да самага адказнага перыяду хлебаробскага жыцця – жніва, які забяспечаны ў СВК “Калгас “Радзіма”.

ж3

Сёлета на 61 камбайне хлебаробам раёна неабходна сабраць вырашчаны ўраджай зерневых культур, рапса, насеннікаў шматгадовых траў на 18071 гектары, у тым ліку на 16330 гектарах збожжавых і зернебабовых. У сярэднем, рабочая нагрузка на адзін уборачны агрэгат складзе 296 гектар. Самая малая яна ў ААТ “Падзевічы”, дзе ўборачная плошча для пяці камбайнавых экіпажаў складае 751 гектар. А вось для камбайнераў ААТ “Новая Друць” яна самая вялікая ў раёне і складае 497 гектараў на адзін уборачны агрэгат.

ж16

ж13

ж17

Рабочая нагрузка на 1 камбайн СВК “Калгас “Радзіма”, а іх будзе задзейнічана дзесяць, раўняецца 379 гектарам.

Выступоўца таксама звярнуў увагу прысутных на тое, што ў гаспадарках павінны быць распрацаваны рабочыя планы правядзення ўборачных работ з разлікамі, плошчамі, умовамі спаборніцтва. І ўсё гэта неабходна ў абавязковым парадку давесці ўсім удзельнікам жніва. А на кожным камбайне, зернетаку павінна мецца папка з адпаведнымі дакументамі.

Да слова сказаць, усе гэтыя матэрыялы з вопыту работы СВК “Калгас “Радзіма” для азнаямлення і вывучэння былі размешчаны на стэндах.

Начальнік раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенневодству, каранціну і абароне раслін Іван ВАЙТОВІЧ пазнаёміў удзельнікаў семінара з бягучым станам на хлебных палетках, падрабязна спыніўся на тэхналагічных момантах догляду і ўборкі насеннікаў шматгадовых траў. Сёлета гэтыя работы механізатарам раёна трэба правесці на 656 гектарах.

Начальнік інспекцыі, галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду Аляксей ЦАПКО падрабязна спыніўся на стане тэхнічнай падрыхтаванасці гаспадарак да правядзення ўборачных работ, а начальнік планавага аддзела райсельгасхарчу Аляксей УСАЎ давёў рэкамендацыі Мінсельгасхарчу адносна аплаты працы ўдзельнікаў жніва, якая павінна быць здзельнай і дыферэнцыяванай па якасці працы, віду і тэрміну службы тэхнікі, выканання норм. Выступоўца заклікаў кіраўнікоў гаспадарак быць больш уважлівымі да пытанняў аплаты працы, каб кожны ўдзельнік жніва дакладна ведаў, за што ён атрымлівае заработную плату, бо менавіта гэты фактар у ва многім уплывае на зацікаўленасць работніка ў прадукцыйнасці сваёй працы.

У кожнай гаспадарцы на відным месцы павінен быць і экран спаборніцтва, які абавязкова запаўняецца штодзённа.

На семінары-вучобе таксама абмяркоўвалася пытанне выканання заканадаўства аб ахове працы, бяспекі ў перыяд правядзення ўсяго комплексу ўборачных работ. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Станіслаў БУРКО расказаў аб мерапрыемствах, якія неабходна рэалізаваць па ахове працы, арганізацыі гарачага харчавання, вядзенні спаборніцтва. Прафсаюзны лідар аграрыяў паінфармаваў аб дамоўленасці з кіраўніцтвам таварыства Чырвоны Крыж па дапамозе ў камплектаванні медыцынскіх аптэчак.

Начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ расказаў аб патрабаваннях пажарнай бяспекі на жніве, якія дакументы неабходна падрыхтаваць да пачатку ўборачных работ. На камбайнах павінна быць вызначаная колькасць вогнетушыцеляў, дапаможныя прыстасаванні, а сам працэс уборкі суправаджаць водападавальная тэхніка. Віталь Воранаў даў удзельнікам семінара-вучобы вусныя рэкамендацыі, уручыў памяткі аб правілах супрацьпажарных паводзін.

ж5

Слова трымалі на семінары-вучобе таксама Аляксандр Лапацентаў, галоўныя інжынер, аграном і эканаміст СВК “Калгас “Радзіма”,адпаведна, Аляксандр БУРТЫЛЁЎ, Аляксандр ЛЕЙБУЦІН і Алена АЎРАМЁНАК, якія падзяліліся з калегамі карысным і цікавым вопытам працы па сваіх накірунках.

Дырэктар Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу Анатоль ЦЕРАШКОЎ даў практычныя рэкамендацыі па ўкамплектаванасці камбайнаў дапаможнымі сродкамі, іх настройцы і рэгуліроўцы, расказаў, што трэба зрабіць дзеля ліквідацыі страт зерня, дэтальна раскрыў асаблівасці ўборкі збожжа.

Завяршыўся семінар пленарным пасяджэннем, на якім былі падведзены вынікі вучобы кіраўнікоў гаспадарак і галоўных спецыялістаў на прыкладзе СВК “Калгас “Радзіма”.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *