Семінар-нарада па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ прайшла 13 ліпеня ў аблвыканкаме

Семінар-нарада старшыняў і сакратароў акруговых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, а таксама прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, сродкаў масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці прайшла 13 ліпеня ў аблвыканкаме. Удзельнікі яе на чале са старшынёй Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіяй ЯРМОШЫНАЙ абмеркавалі актуальныя пытанні арганізацыі і правядзення выбараў.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыла, што арганізацыя выбараў на Магілёўшчыне знаходзіцца на высокім узроўні, праходзіць у строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам краіны і Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, якія адбудуцца 11 верасня 2016 года.

Лідзія Ярмошына паінфармавала ўдзельнікаў семінара, што выбарчая кампанія ў Беларусі пачалася даволі актыўна. Па аператыўнай інфармацыі на адно месца ў парламенце зараз прэтэндуюць больш за чатыры чалавекі.

– Я думаю, – заўважыла выступоўца, – што колькасць ініцыятыўных груп зменшыцца, але павялічыцца колькасць тых, хто прыйдзе ад палітычных партый (у Беларусі зарэгістраваны 15 палітычных партый, – Рэдакцыя). Вылучэнне праз працоўныя калектывы – больш складаная форма вылучэння, а найбольш просты, выгадны і, у добрым сэнсе, рэкламны спосаб – гэта, канечне, збор подпісаў.

Старшыня Цэнтрвыбаркама звярнула ўвагу на тое, што для гэтай выбарчай кампаніі характэрны некалькі навінак. Уведзена такое прамежкавае звяно, як абласныя і Мінская гарадская выбарчыя камісіі, якія курыруюць адпаведныя акруговыя камісіі і займаюцца разглядам скаргаў.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што за дадзены этап выбарчай кампаніі па краіне пададзены 9 скаргаў, якія тычыліся фарміравання акруговых і тэрытарыяльных камісій. Па ўсіх іх вынесены адмоўныя рашэнні. Суды прызналі, што ўтварэнне выбаркамаў праведзена з захаваннем патрабаванняў выбарчага заканадаўства.

Падрабязна спынілася старшыня Цэнтрвыбаркама і на такой навінцы, як інстытут члена акруговай камісіі з правам дарадчага голасу, які спросціць работу для палітычных партый, бо ў іх будзе свой прадстаўнік у выбарчай акрузе.

Вялікая ўвага на семінары была нададзена тэме адкрытасці працы выбарчых камісій і празрыстасці рашэнняў, якія яна прымае.

– Мы пайшлі насустрач АБСЕ, – сказала Лідзія Міхайлаўна, – стварылі ў нашых рэкамендацыях палажэнні, якія адсутнічаюць у законе. Гэта тычыцца, напрыклад, адкрытасці працэсу падліку галасоў: журналісты прысутнічалі пры адкрытай працэдуры ўтварэння акруговых выбарчых камісій. Такія ж рэкамендацыі адносяцца і да ўтварэння ўчастковых выбаркамаў, якія трэба стварыць да 27 ліпеня.

Яна адзначыла, што ў назіральнікаў маецца магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях камісій не толькі падчас правядзення галасавання, але і, напрыклад, у момант працэдуры перадачы пратаколаў ад участковых камісій акруговым выбаркамам. І, канечне ж, назіраць за правядзеннем перадвыбарчай агітацыі.

Удзельнікі абласнога семінара-нарады абмеркавалі шэраг іншых актуальных момантаў арганізацыі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

У ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Акруговыя выбарчыя камісіі Беларусі зарэгістравалі 446 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Нагадаем, што прыём заявак на рэгістрацыю такіх ініцыятыўных груп скончыўся 7 ліпеня, а іх разгляд доўжыўся цягам наступнай пяцідзёнкі. Найбольшая колькасць груп зарэгістравана ў Мінску – 114, найменшая – у Віцебскай вобласці: 48.

У Магілёўскай вобласці зарэгістравана 61 ініцыятыўная група па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку і 4 па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, у склад якой тэрытарыяльна ўваходзіць і наш раён.

Як паведаміла сакратар Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Людміла МАКАРАНКА, найбольшая колькасць іх зарэгістравана акруговымі камісіямі Бабруйскай-Ленінскай №78, Крычаўскай №63, Магілёўскай-Цэнтральнай №85, Магілёўскай-Кастрычніцкай №68 выбарчых акруг – па 7 ініцыятыўных груп. Найменшая – Быхаўскай №81, Магілёўскай сельскай №88, Асіповіцкай №89 акруговымі камісіямі: па тры.

Субяседнік адзначыла, што 72,6 працэнта прэтэндэнтаў на кандыдацтва ў дэпутаты, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў, з’яўляюцца беспартыйнымі.

Нагадаем, што на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўтвораны 767 участкаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. На дадзены момант праходзіць працэс вылучэння прадстаўнікоў у склад участковых камісій. Вылучаць іх маюць права працоўныя калектывы, палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, грамадзяне шляхам падачы заяў да 24 ліпеня ўключна. Утварэнне ўчастковых камісій завершыцца да 27 ліпеня.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *