І адшумеў Чырвоны Сад…

Да пасёлка Чырвоны Сад – няблізкі свет. Каб дабрацца да яго, трэба даехаць да Лебядзянкі, ад яе – да Чырвонай Слабады, потым звярнуць з БАМа (так тутэйшыя жыхары называюць шасейку) у бок Гарцава, праімчацца па гравійцы, пакідаючы за сабой віхуры пылу, да пасёлка Зорка. У сасновым бары дарога звужаецца настолькі, што становіцца цесна нават нашай рэдакцыйнай легкавушцы. А з абодвух бакоў шчыльнай сцяной абступаюць высокія дрэвы, пад цяністымі шатамі якіх у гэты спякотны ліпеньскі дзень вее прыемным халадком. Сапраўдны мядзведжы куток нашага раёна.

І вось, нарэшце, уязджаем у пасёлак Чырвоны Сад, дзе жыве Галіна ГАЎРЫЛАВА-СТАРАВОЙТАВА. 85-гадовая жанчына з’яўляецца адзінай пастаяннай жыхаркай паселішча. Зараз у яго толькі ў летні сезон прыязжаюць літаральна адзінкавыя дачнікі ды наведваюць бабулю яе дзеці і ўнукі.

старов

Галіна Кузьмінічна родам з вёскі Голубаўка. Там пасля вайны скончыла чатыры класы школы, затым наведвала дзесяцігодку ў Нежкаве. Вучыцца ёй падабалася, асабліва любіла матэматыку. Таму пасля школы вырашыла паступіць у машынабудаўнічы інстытут, але не прайшла па конкурсе. Маладая дзяўчына адпрацавала год у калгасе, а потым цётка ўладкавала яе на працу ў піянерскі лагер у Салтанаўцы. Паступова Галіна стала выконваць абавязкі кладаўшчыцы і медыцынскай сястры-дыетолага, хаця не мела адпаведнай адукацыі: складала меню на дзень, сачыла за выкананнем санітарных правілаў на кухні і ў буфеце, кантралявала якасць прыгатаваных страў.

– Мне вельмі падабалася гэта справа, – расказвае Галіна Кузьмінічна. – Яшчэ ў школе заўсёды ўваходзіла ў склад санітарных троек, якія правяралі вучняў на выкананне правілаў асабістай гігіены. Таму змяніла рашэнне і паступіла ў Магілёўскае медвучылішча на фельчара-акушэра. Пасля завяршэння вучобы, а гэта было ў жніўні 1958 года, вярнулася на Бялыніччыну і была прызначана загадчыкам ФАПа ў пасёлку Чырвоная Слабада. У яго штаце значыліся яшчэ акушэрка і санітарка. Абслугоўвалі навакольныя населеныя пункты – Гарцаў, Барок, Гуту, Мезінец і іншыя. Усяго 1200 чалавек.

Клопатаў аб здароўі вяскоўцаў было шмат. Машыну нам у той час не выдзялялі, дабіраліся да пацыентаў, як толькі маглі: на кані, веласіпедзе ці пяшком, па бездарожжы і вадзе. Ніколі не забуду, як увесну мяне на лодцы перапраўлялі праз Вабіч каля Лебядзянкі, бо рака так шырока разлілася, што затапіла стары мост. Як ні было, але да пацыента трэба абавязкова дабрацца, калі ён чакае тваёй дапамогі.

Асабліва Галіне Кузьмінічне ўрэзаліся ў памяць выпадкі, калі яна прымала роды на даму. Колькі дзетак з’явілася на свет дзякуючы дапамозе фельчара, зараз цяжка падлічыць. Дакладна запомніла, што сярод іх былі пяць двайнят, апошняя з якіх у далёкім 1972 годзе.

Каб папоўніць запас медыкаментаў, загадчык ФАПа адпраўлялася ў суседні сельсавет, у Цяхцін ці Вугольшчыну. Спачатку ішла праз лес, а потым асцярожна, разлічваючы кожны крок, перабіралася па вузкім хісткім мастку цераз Друць.

Усяго Галіна Гаўрылава-Старавойтава адпрацавала на медыцынскай ніве 49 гадоў і са сваімі абавязкамі спраўлялася выдатна. Пра гэта сведчаць толькі самыя добрыя словы ў яе адрас з боку старшыні Лебядзянкаўскага сельсавета Леаніда КОРШУНАВА і тых людзей, з якімі аўтар гэтых радкоў паспеў пагутарыць, пакуль шукаў дарогу ў Чырвоны Сад.

– Крыху крыўдна, што пачынала працу ў той цяжкі час, – дзеліцца думкамі бабуля. – Зараз абсталяванне і магчымасці медработнікаў нашмат большыя. Але ж тады мы былі маладыя, і жыццё ў нашых мясцінах віравала. Былі вялікія сем’і, шмат дзетак бегала па вуліцы. З двух пасёлкаў збіраўся статак у 16 кароў, а зараз пасвіцца толькі адна мая козачка Белка.

Аднак Галіна Кузьмінічна ў роднай хаце не сумуе, даглядае сваю белую козачку, завіхаецца ўлетку на падворку ці ў гародзе і прымае ў госці родных і сваякоў.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *