Жыццё паштоўкай праляцела…

Нядаўна ў рэдакцыю раёнкі звярнулася пенсіянерка з Бялынічаў Ала МАРОЗАВА:

— Чаму вы пра Франю ЧЫГІР з вёскі Кардон не напішыце? Яна столькі часу рабіла паштальёнам! А днямі 80-гадовы юбілей адзначае!

Пасёлак Кардон знаходзіцца на самай мяжы нашага і Круглянскага раёнаў. Ефрасіння Дзяменцьеўна Чыгір, прывабная пажылая жанчына, ветліва сустракае журналіста райгазеты на парозе хаты.

— Усё жыццё пражылі з мужам Васілём Гаўрылавічам у гэтай вёсцы, — гаворыць бабуля Франя. — Пяць гадоў прайшло, як ён памёр ад цяжкай хваробы. Дзеці клічуць жыць да сябе, але ж пакуль сама магу прапаліць у печы, ехаць нікуды не хачу.

франя

Ефрасіння Чыгір 25 гадоў рабіла паштальёнам у Лубянскім аддзяленні сувязі: разносіла газеты, пісьмы і часопісы жыхарам з вёсак Іскра, Чырвоны Бор, пасёлкаў Заліп’е і Кардон. Спачатку на гэтай пасадзе працаваў муж, а Франя была паляводам у мясцовым калгасе імя Ільіча. Аднак праз некаторы час Васілю прапанавалі месца кладаўшчыка ў гаспадарцы і ён “у спадчыну” перадаў паштовую сумку жонцы. Аб працоўных буднях Франя Чыгір успамінае з цеплынёй. Начальнік паштовага аддзялення Людміла МАЗАНАВА ўмела падтрымлівала ў невялікім калектыве атмасферу ўзаемадапамогі і сяброўства. Штодзень руплівая паштальёнка разносіла больш як 300 газет і часопісаў, пачакі пісьмаў і паштовак. Людзей у сельскай мясцовасці было шмат, перыёдыкі выпісвалі многа, вось і фірменная сумка Ефрасінні Дзяменцьеўны ніколі не пуставала. Іншы раз зімою дарогі замятала снегам так, што цяжка было прайсці. Тады на дапамогу жонцы прыходзіў Васіль Гаўрылавіч. Ён растаўляў па шляху пруткі, каб тая не збочыла і дайшла дадому, сам спраўляўся па гаспадарцы.

— Муж вельмі любіў, — расказвае бабуля Франя. — Мне не было і 17 гадоў, як пажаніліся. Скарыла тое, што ён заліхвацка іграў на гармоніку. Усе мясцовыя жыхары яго паважалі, запрашалі на вечарыны, на святы. І гаспадаром аказаўся адмысловым, уся праца ў яго руках спорылася. У ладзе і згодзе пражылі разам амаль 57 гадоў, выгадавалі чацвярых сыноў.

Зараз дзеці і ўнукі прыязджаюць у госці, тэлефануюць, запрашаюць на ўсе сямейныя святы. Так што Франі Дзяменцьеўне сумаваць няма калі і адзіноты яна не баіцца: даглядае курэй, корпаецца ў агародзе, а зімой вяжа шкарпэткі для сваіх родных.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *