29-31 ліпеня на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў вёсцы Грудзічына адбудзецца VII Міжнароднае музычна-спартыўнае свята “Вялікая бард-рыбалка”

 Фестываль, які адраджае традыцыі сямейнага турыстычнага адпачынку, аб’ядноўвае сяброўскія і карпаратыўныя кампаніі, пройдзе на базе аграсядзіб “Пяшчаны бераг” і “Адпачынак на паляне”.

Канцэртную праграму ўрачыста адкрые міжнародны праект “Суседзі”. Таксама на галоўнай сцэне пройдзе прэзентацыя яшчэ аднаго праекта – “Зямля Высоцкага”, гранд-тур якога прайшоў зімой 2016 года ў Расіі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Аўстрыі. Цікава, што яго ўдзельнікі выконваюць песні Уладзіміра Высоцкага на сваіх нацыянальных мовах.

Аматараў джаза парадуе запальнае джаз-трыа Канстанціна ГАРАЧАГА (Мінск). З яркім шоу выступіць і знакаміты шансанье Псой КАРАЛЕНКА (Масква). Таксама свае сольныя праграмы прадставяць Таццяна і Сяргей НІКІЦІНЫ (Масква), Аляксей КУДРАЎЦАЎ (Чэхія), Аляксандр БАЛЬ (Магілёў), Вадзім ГЭФТЭР (Украіна). Упершыню ўдзельнікам фестывалю стане культавы нямецкі музыкант Ціно АЙСБРЭННЕР.

У рамках творчага праекта адбудзецца традыцыйны двухдзённы конкурс аўтарскай песні «Гітара па крузе”.

Гасцей свята чакае вялікая колькасць дзённых рыбалоўных, кулінарных, лазневых майстар-класаў і спаборніцтваў. Акрамя гэтага, упершыню пройдзе конкурс “Міс “Вялікая бард-рыбалка”-2016”.

Незвычайную фігуру пабудуе сяміразовы рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса магіляўчанін Аляксандр БЕНДЗІКАЎ. За некалькі гадзін у рэжыме рэальнага часу спартсмен збярэ прыкладна з 1 тысячы бляшанак канструкцыю ў выглядзе гітары.

Арганізатарамі свята “Вялікая бард-рыбалка” з’яўляюцца Быхаўскі райвыканкам, творчае аб’яднанне “Сваё асяроддзе” і МДУКП “Магілёўаблтурыст” пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Генеральны партнёр праекта – ААТ “Магатэкс”, афіцыйны партнёр – ААТ “Белшына”. Генеральны інфармацыйны партнёр – УП “БелТА”. Старшыня аргкамітэта – аўтар-выканаўца, журналіст, намеснік рэдактара аддзела рэгіянальнай інфармацыі “БелТА” Сяргей КУЛЯГІН.

Інфармацыю пра фестываль, размяшчэнне ў палатачным лагеры і на тэрыторыі аграсядзібаў можна атрымаць па тэл.: +375 29 6203201 або на сайце bard-rybalka.by.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *